“ПАМЯТАЕМ МЫ ГЭТАГА МАЦУУРУ”
24 лютага 2007 г. Бэльгійская газэта “Le Soir” піша пра чарговую ініцыятыву ЮНЕСКО, падраздзяленьня ААН па адукацыі, навуцы і культуры. Генсек ЮНЕСКО японец Мацуура паведаміў, што зьбіраецца паслаць у Ерузалім спэцкамісію для вывучэньня пытаньня з рэстаўрацыяй так званай экспланады мячэцяў у старым горадзе. Там знаходзяцца старажытныя мячэць Аль-Акса і Храм Скалы. Ізраільскія ўлады праводзяць рэстаўрацыю гэтай зоны. Але працы выклікалі пратэсты палестынскай мусульманскай абшчыны. Мацуура абяцае ўлагодзіць канфлікт.
Наш камэнтар: Верыцца з цяжкасьцю. Памятаем мы гэтага японца. У 2001-02 гадах беларускія патрыёты пасылалі яму ў Жэнэву тысячы подпісаў і звароты з заклікам абараніць ад дзяржаўнага вандалізму Народны Манумэнт у Курапатах. Японец нават не адказаў беларусам. У 2002 г. ён прыехаў з афіцыйным візытам у Беларусь. Беларускія навукоўцы і іншыя грамадзяне напярэдадні візыту зноў зьвярталіся да Мацууры, заклікаючы яго наведаць Курапаты. Аднак жэнэўскі “самурай” паслухмяна выканаў распрацаваную шклоўскім афіцыёзам праграму 2-дзённага візыту, у Курапаты не заехаў. Дагэтуль ніякой рэакцыі ад міжнароднай арганізацыі ў справе абароны Курапатаў мы не адчулі (дзейнічае магутнае маскоўскае лоббі, якое ведае, каму плаціць хабар). Спадзявацца беларусам у выратаваньні сваёй культуры і адукацыі трэба толькі на сабе самых.
Валеры Буйвал