ДЭМАГРАФІЯ І “ІНТЭГРАЦЫЯ”

23 лютага 2007 г. Гішпанская газэта “El Mundo” паведамляе з Масквы, дзе адбылося паседжаньне ўраду РФ на тэму дэмаграфіі. За апошнія 15 гадоў тэмпы зьмяншэньня насельніцтва ў Расеі нагадваюць статыстыку вайны. За 2006 г. імпэрыя страціла 561200 чалавек. З 1991 г. (году “трыюмфу расейскай дэмакратыі”) сярэднестатыстычная працягласьць жыцьця мужчынаў зьнізілася з 70 да 65 гадоў. Каманда прэм'ера Фрадкова бачыць выйсьце ў іміграцыі насельніцтва з былых савецкіх рэспублікаў.

Наш камэнтар: Гішпанія далёка. Для чытача мадрыдскай газэты такая інфармацыя — тое ж самае, што чытанка пра жахі ў Афрыцы або на Папуа. Пачытаў і забыўся. А вось беларусам раім ставіцца да гэтай жудаснай статыстыкі з павышанай увагай. Для нас гэтае няшчаснае “Папуа” — за рэчкай, зусім побач. І каманда фрадковых, барадзіных ды іншых дыхае нам у твар, узіраючыся ў масы беларусаў з уважлівасьцю канцлягернага гаўляйтэра, які робіць “сэлекцыю” — адбірае работнікаў на катаргу і зьнішчэньне. Гэта пра нас тэарэтызуюць яны — зьнішчальнікі ўласнага народанасельніцтва Расеі. Гэта намі маскоўскія гаўляйтэры зьбіраюцца засяліць гнілыя прасторы сваёй кашмарнай імпэрыі. Гэта ёсьць іхная “інтэграцыя”, пра якую салодка сьпявае антынародны рэжым.

Юрка Марозаў