ПОЛАЦКІ ХРАМ У НЕБЯСЬПЕЦЫ! (РАСЕЙЦЫ ДАБІРАЮЦЦА ДА СПАСА-ЭЎФРАСІНЬНЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ)
Рэстаўратар полацкай царквы пратэстуе супраць загаду Мінкульту. Больш за 15 гадоў мастак Уладзімер Ракіцкі быў навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ХІІ стагодзьдзя ў Полацку. За паўтара дзесяцігодзьдзя ім адкрытыя і адрэстаўраваныя прыкладна 150 з 600 квадратных мэтраў фрэскавага росьпісу.
Разам са сваімі калегамі Ракіцкі вынайшаў унікальную сыстэму аднаўленьня старажытных фрэсак, дзякуючы якой ўдаецца захоўваць і пазьнейшыя слаі жывапісу.
У часе рэстаўрацыйных работ высьветлілася, што ў храме першасны жывапіс закрыты размалёўкамі XVI — XIX стагодзьдзяў. Праца для адкрыцьця найстаражытнейшых фрэсак вымагае шмат часу. Аднак кіраўніцтва Міністэрства культуры патрабуе хуткай рэстаўрацыі — цягам паўгоду. Заява прагучала пасьля наведваньня Полацку прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, які паставіў задачу ўсё скончыць да візыту ў горад Аляксандра Лукашэнкі 5 чэрвеня, на Дзень Сьвятой Эўфрасіньні.
Паводле плянаў Міністэрства культуры, прапануецца не вяртацца да арыгіналу, а ўстанавіць новую сярэбраную рaмку для мошчаў, а купал храму і ўвогуле пакрыць золатам. Паводле новага афіцыйнага праекту, у сярэдзіне бажніцы зробяць пляцоўку з жалезнымі лесьвіцамі для турыстаў. На думку Ўладзімера Ракіцкага, ня мае навуковай абгрунтаванасьці і ідэя стварэньня ў царкве мазаічнай падлогі. Усё гэта не адпавядае ні таму, як выглядаў храм, ні ўвогуле традыцыям, у якіх ён ствараўся.
Гэты чыноўніцкі “праект рэстаўрацыі” быў зацьверджаны без навуковай архітэктурнай экспэртызы і без уліку праекту рэстаўрацыі, распрацаванага Ўладзімерам Ракіцкім з калегамі. Фрэскі цяпер будуць рэстаўравацца расейскімі спэцыялістамі, якія раней на аб'екце не працавалі.
На знак пратэсту Ўладзімер Ракіцкі накіраваў заяву ў Міністэрства культуры з просьбаю зьняць зь яго абавязкі па рэстаўрацыі Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы. (Як гэта па-беларуску! У нару, у бок, сам пайду. Маскалям застаецца толькі прыйсці і спакойна ўсё зглуміць. Месца для глуму беларусы ўжо самы вызвалілі. — (рэд. ст.).
(Паводле радыё Свабода.)