НОВЫЯ “ЧАРОМУШКІ”

21 лютага 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” паведамляла пра чарговае гучнае забойства ў Маскве. Аўтаматчыкі расстралялі на аўтастрадзе машыну старшыні адміністрацыі маскоўскага раёну Чаромушкі С. Буркотова. Чыноўнік высокага рангу і ягоны кіроўца загінулі.

Наш камэнтар: Беларусы сярэдняга веку памятаюць хрушчоўскую прапаганду пра Чаромушкі. На пачатку 1960-х гадоў менавіта з гэтай новабудоўлі Масквы на месцы разбуранай вёскі з мілагучнай назвай пачаўся “архітэктурны бум”, які падарыў сусьветнай культуры фэномэн горадабудаўніцтва пад народным назовам “хрушчоба”. Саветы пачалі кляпаць мільёнамі панэльныя жылыя дамы для савецкіх людзей, змучаных бадзяньнем па трушчобах і чужых кватэрах за 15-17 гадоў пасьля сканчэньня сусьветнай вайны (!).

Сьцены кватэраў былі такія тонкія, што чалавек баяўся падысьці да вакна і зірнуць уніз — здавалася зараз павалішся ў бездань. У маленькіх пакоях-квадратах і мікраскапічных кухнях сямейнікі актыўна натыркаліся адзін на аднаго. Але людзі ўсяроўна радаваліся, атрымліваючы свой першы ў жыцьці кут. Меркавалася, што хрушчобы прастаяць яшчэ гадоў дваццаць, якраз да абяцанай КПСС перамогі камунізму. Але замест гэтага ў “пераможным” 1980 годзе пачалася правальная Аўганская вайна.

Безьліч хрушчобаў існуе дагэтуль. Таксама і ў Менску, дзе мазураўская прапаганда ў 1960-я гады трубіла пра “беларускія чаромушкі” у мікрараёне на вул. Валгаградскай. Яны стаяць па ўсёй нашай краіне як сымвал надзьмутых хрушчоўскіх абяцанак.

Доўгая прадмова павінна дапамагчы нам адэкватна зразумець макабрычную сутнасьць апошняга кілерскага эпізоду ў імпэрскай сталіцы. Не атрымалася ніякой рамантыкі з маскоўска-савецкага “раю на зямлі”, якім прадундзелі вушы крамлёўскія зазывалы ў камунізм. Што б ні прыдумала гэтая антычалавечая сістэма, усё абяртаецца кашмарам для людзей, нават для самых носьбітаў гэтай сістэмы. Пакуль пасьля сканчэньня вайны цывілізаваныя эўрапейскія народы, атрымаўшы вялікую амэрыканскую дапамогу ў рамках Пляну Маршала, апэратыўна адбудоўвалі мірнае жыцьцё, падсавецкія народы (у тым ліку беларусы) будавалі камунізм. Сьмерць чаромушкінскага начальніка павінна нагадаць беларусам (і беларускаму чынавенству) аб тым, што трэба як мага далей трымацца ад Масквы з яе “рамантычнымі назвамі”, “творчымі ініцыятывамі”, “навязьлівым братэрствам” і г.д. Здаравей будзем.

Юрка Марозаў