ТЭТЧЭР

22 лютага 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе з парляманту Вялікай Брытаніі. Там адсланілі невялікі помнік Маргарэт Тэтчэр, якая была прэм'ерам краіны ў 1979-90 гг. (адзіная жанчына-прэм'ер у гісторыі Брытаніі). Сама натура прысутнічала на ўрачыстасьцях. Некаторыя, аднак, выказвалі пярэчаньні: маўляў, адсланяць такі помнік можна было толькі пасьля сьмерці пані Тэтчэр.

Наш камэнтар: Кансэрватыўную дзяячку ўвесь сьвет называў Жалезная Ледзі. Трэба прызнаць, што у наш час на Захадзе не хапае такіх палітыкаў. Паўсюль дзейнічаюць з большага дзялкі і бюракраты ад крывадушнай Realpolitik. Нават у штодзённым жыцьці Ледзі дэманстравала рашучасьць і здольнасьць на сапраўдныя ўчынкі. Атрымаўшы паведамленьне, што ейны 24-гадовы сын разам з кампаніяй сяброў зьнік недзе ў Сахары, яна (немаладая ўжо жанчына) села разам з экіпажам ў сучасны ваенны зьнішчальнік і паляцела ў Афрыку. Знайшла сына, намыліла яму галаву, загнала ў самалёт і вярнулася якраз на паседжаньне кабінэту...

Крэмль люта ненавідзеў Ледзі Тэтчэр. Яна ні ў чым не саступала бальшавіцкім баярам. Разам з амэрыканскім прэзыдэнтам Рэйганам Тэтчэр павяла рэй у заходняй палітыцы на развал савецкай фэадальнай імпэрыі. У розных кутках сьвету маскоўскія правакатары атрымлівалі адлуп ад амэрыканцаў і брытанцаў. Менавіта ў гэты пэрыяд пачалося ўсталяваньне ў Заходняй Эўропе антыракетнага шчыта першага пакаленьня. Высокія тэхналёгіі аказаліся не пад сілу тупому крамлёўскаму мэханізму. Як надрывалася тады савецкая прапаганда на тэму “агрэсіўнага блёку НАТО”! У Брытаніі саветы мабілізавалі ўсю сваю падкормленую агентуру. Дзясяткі тысячаў левакоў маршыравалі пад транспарантамі “Амэрыканскім ракетам — не!” Вакол вайсковых базаў на працягу месяцаў дзейнічалі вялікія намётавыя гарадкі, аматары “страны советов” вадзілі карагоды і сьпявалі пра міру-мір (Масква, абдзіраючы савецкіх людзей, шчодра аплочвала ўсіх гэтых гультаёў). Падчас ейных візытаў у Маскву расейскія журналісты кідаліся да Тэтчэр і шумелі: “Дык Вы за вайну!?” Ледзі спакойна адказвала ім: “А вашы ракеты, яны хіба не накіраваны на нашыя гарады?” (падчас трансляцыі па расейскім тэлебачаньні маскоўскія рэдактары нахабна не перакладалі гэтыя словы Тэтчэр).

Жыцьцё гэбоўскай агентуры ў Брытаніі стала зусім незайздросным. Лубянцаў адлоўлівалі і вытурвалі з краіны дзясяткамі. У 1982 г. Масква падбіла аргентынскую ваенную хунту на захоп Фальклэндскіх выспаў у Атлянтычным акіяне, якія належалі Брытаніі. Хунце спадабалася ідэя “маленькай пераможнай вайны”, дзякуючы якой монстры ў залатых пагонах спадзяваліся пратрымацца пры ўладзе ў змучанай рэпрэсіямі лацінаамэрыканскай краіне. Але Тэтчэр зьвярнулася да народу з заклікам абараніць гонар краіны і атрымала падтрымку грамадзтва.

Брытанская эскадра праплыла тысячы міль і ўзялася за выхаваньне аргентынскіх ваякаў. Армія і флёт Яе Вялікасьці дзейнічалі зладжана і рашуча, па-майстэрску карысталіся сучаснай ваеннай тэхнікай. Аргентынскія афіцэры (пры дыктатуры так заўсёды) хаваліся ў бункерах і пасылалі жаўнераў у атаку па рацыях, кіравалі дзеяньнямі праз веставых. Праз два тыдні баёў стомленае жаўнерства пачало масава здавацца. А праз пару месяцаў у Буэнас-Айрэсе пасыпалася ваенная хунта.

Масква кусала локці. У сярэдзіне 1980-х Крэмль зьмяніў тактыку, мабілізаваўшы левыя прафсаюзы Брытаніі. На шчодрыя маскоўскія гранты ружовая прафсаюзная мафія на працягу амаль трох гадоў абараняла нерэнтабельныя вугальныя шахты, якія ўрад Тэтчэр вырашыў закрыць. Саветы аплацілі шматмесячны страйк дзесяткаў тысячаў шахцёраў і камфортны дабрабыт іхных семьяў. Далёка не галодныя пралетарыі апантана біліся з паліцыяй і спэцчасткамі. Але і тут жалезная воля Тэтчэр была вырашальным фактарам канфлікту. Саветы адступілі, бяз выніку. Жалезная Ледзі пайшла ў адстаўку з годнасьцю, перадаўшы ўладу свайму аднапартыйцу Мэйджару ў 1990 годзе. На наступны год пасыпалася крамлёўская хунта. Усё ж Тэтчэр заслужыла прыжыцьцёвы помнік.

Валеры Буйвал