ЁСЬЦЬ ЯШЧЭ КІНО НА СЬВЕЦЕ

22 лютага 2007 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” публікуе інтэрвію з вядомым амэрыканскім акцёрам і рэжысёрам Клінтам Іствудам. Ён вярнуўся зь Японіі, дзе прадстаўляў свой апошні фільм. Стужка прысьвечана бітве за выспу Іва Джыма, якую штурмавалі амэрыканскія войскі ў 1944 г. Пры чым, аўтар абраў нестандартны і рызыкоўны ракурс асьвятленьня тэмы: у цэнтры ягонай увагі японскія вайскоўцы, іхныя думкі, перажываньні, жарсьці. 90% тэксту гучыць на японскай мове. Іствуд прызнаецца, што атрымаў разуменьне і цёплы прыём у японскіх гледачоў.

Наш камэнтар: Душу ахоплівае шчымлівая зайздрасьць. Амэрыканскае кінамастацтва стварыла шэраг фільмаў аб Другой сусьветнай вайне. Сярод іх ёсьць сапраўдныя шэдэўры мастацтва і праўды. Мастацкае ўвасабленьне атрымалі многія аспэкты драматычнай тэмы: лёсы простых жаўнераў і славутых генэралаў; трагедыя палону і зьверствы тылавых амэрыканскіх службаў, якія зьдзекваліся з баявых вэтэранаў; гора амэрыканскіх маці, што згубілі сыноў; пасьляваенны сіндром. У кінамастацтве знайшоў сваё месца нават подзьвіг невялікай групы амэрыканскіх індзейцаў-наваха, якія на сваёй мове забясьпечвалі радыёсувязь паміж штабамі і часткамі (японцы шалелі, ня могучы зразумець “птушынае ціўканьне” ў эфіры).

Цяпер кінамастакі зьвяртаюцца непасрэдна да духоўнага сьвету тагачасных ворагаў — задача, дастойная творцы. Даводзіцца прызнаць, што трагедыя і подзьвіг беларускага народу ў Сусьветнай вайне дагэтуль не атрымалі паўнавартаснага адлюстраваньня ў кінавобразах. Галоўная прычына ў тым, што “Беларусьфільм” так і ня здолеў выбіцца з амплуа правінцыйнай савецка-расейскай кінастудыі. Літаратурным шэдэўрам Васіля Быкава дагэтуль няма адэкватнага адпаведніка ў мастацтве кіно (не выпадкова Быкаў не прызнаваў ніводнай экранізацыі сваіх твораў). Нават кіно паводле твораў Алеся Адамовіча пра партызанаў накруцілі на расейскай мове. Ня кажам ужо пра тое, колькі прапагандысцкай, ідэалізатарскай і непраўдзівай лухты наздымалі за дзесяцігоддзі савецкага і постсавецкага пэрыяду.

Трэба, аднак, разумець, што ўсё гэта атрымалася не “само сабой”. На горле нашага кінамастацтва дагэтуль зашморгнута акупанцкая маскоўская пятля. Прарасейскі рэжым ніколі не дасьць стварыць фільм пра зьнішчэньне лубянскімі эмісарамі камандзёраў-беларусаў, якія распачыналі антыфашыстоўскі нацыянальны рух, небясьпечны для Масквы. Або пра зьнішчэньне беларускіх вёсак разам з жыхарамі спэцатрадамі НКВД, пераапранутымі ў нямецкую ўніформу. Пад русіфікатарскай бэтоннай плітой ніколі не загучыць з экрану беларуская мова. Нармальнае разьвіцьцё нацыянальнага кінамастацтва магчымае толькі ў вызваленай Беларусі.

Валеры Буйвал