АРГАНІЗОЎВАЮЦЬ БАЛАГАН

20 лютага 2007 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляла зь Менска. Журналіст Пётр Косьціньскі спасылаецца на публікацыю ў газэце “Наша Ніва”. Цытуе Мілінкевіча, Карбалевіча, Дабравольскага, Вячорку. Мілінкевіч ня хоча ісьці на “кангрэс дэмсілаў”, скардзіцца на разлад у “дэмсілах”. Вячорка заклікае да “кампрамісу дзеля адзінства”. Дабравольскі бароніць Мілінкевіча, “якому пагражае ратацыя”. З усяго польскі аглядальнік робіць фінальную выснову: “Барацьба ў апазыцыі вядзецца ў сітуацыі, калі шанцы на перайманьне ўлады ёсьць нікчэмныя, а магчымасьці дзеяньня больш чым сьціплыя”.

Наш камэнтар: Як кажуць палякі — “amen i kropka”. Больш ніякіх думак у польскага аналітыка ня ўзьнікла. Што ж ён ня ўспомніў, як на працягу даволі доўгага часу ў ягонай Польшчы Мілінкевіча прымалі ў якасьці “адзінага лідэра адзінай апазіцыі”, як цытавалі ягоныя сьпічы і расказвалі пра ягоны “змагарны шлях” (якога насамрэч ніколі не існавала)? Што ж не разглядзелі яны ў гэтым гутапэрчавым “каліфе на гадзіну” дробную (і выпадковую) марыянэтку чужых для Беларусі і дэмакратыі сілаў? Колькі яшчэ групоўка падстаўных грантаўскіх палітыканаў будзе тлуміць голаў суседняму народу сваёй гаворкай?

Няхай бы пан Косьціньскі згадаў, колькі было гэтых “адзіных лідэраў” за апошнія гады — Чыгір, Домаш, Ганчарык, генэрал Фралоў... Цяпер вось прагучала халоднае слова “ратацыя”. Групоўка зьбіраецца падсунуць беларусам і навакольнаму сьвету чарговага “адзінага” (да наступнай “ратацыі”). Чаму не сьмяецца з усяго гэтага балаганнага вэрхалу польскі журналіст? Можа таму, што тады трэба было б пасьмяяцца і над сабой самым, і над тымі з польскага эстэблішмэнту, хто на поўным сур'ёзе пазіраваў побач з балаганнымі пустышкамі?

Юрка Марозаў