ЛІЦЭЙСКАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ
Яны вучыліся ў Беларускім Гуманітарным Ліцэі імя Якуба Коласа. Вучыліся пасьпяхова. Вядомая сваёй беларускасьцю, высокім узроўнем адукацыі, дэмакратычным змагарным духам сталічная ўстанова была сапраўднай alma mater (маці-карміліцай) для дзяўчат і хлопцаў. Але даўно ўжо ў Ліцэі назіраліся працэсы, якія бянтэжылі навучэнцаў і іхных бацькоў.
Трывожылі ня толькі спробы рэжыму ліквідаваць адзіны ў краіне сапраўды беларускі Ліцэй. Але таксама й паводзіны кіраўніцтва Ліцэю, перш за ўсё ягонага дырэктара сп. Ул. Коласа. Нягледзячы на патрабаваньні Бацькоўскай рады сп. Колас на працягу гадоў не зрабіў аніводнай справаздачы пра выкарыстаньне грантаўскіх сродкаў, якія паступаюць для Ліцэю з розных краінаў і фондаў. “Таямніцы ліцэйскага двара” сталіся правілам для элітарнага кіраўніцтва. З цягам часу зьмяніліся й традыцыі ліцэйскага жыцьця. Так, увесну 2006 г. адміністрацыя звольніла як “недобранадзейных” настаўнікаў беларускай мовы і фізікі, выдатных спэцыялістаў, якіх вельмі любілі студэнты. Навучэнцы выступілі з пратэстам супраць несправядлівасьці. Тады сп. Колас у кастрычніку 2006 г.падмахнуў загад аб іхным выключэньні з Ліцэю.
12 хлопцаў і дзяўчат адзінаццатай клясы фактычна апынуліся на бруку. У савецка-расейскую школу прамаскоўскага тыпу яны ўжо ня могуць вярнуцца — настолькі задушлівая там атмасфэра пасьля шматгадовага існаваньня ў ліцэйскім брацтве. Творчая моладзь вырашыла не здавацца і стварыла сваю ініцыятыву пад дэвізам “Ліцэйская Салідарнасьць”. Штодня яны зьбіраюцца на кватэры ў аднаго з салідарнікаў і праводзяць заняткі паводле ліцэйскай праграмы. З навучэнцамі займаюцца настаўнікі. Праводзяцца ўрокі, сэмінары, абмеркаваньні (па ўсіх прадметах на беларускай мове). Вядзецца падрыхтоўка да выпускных экзаменаў.
Мы спыталіся ў ліцэістаў пра іхныя далейшыя пляны. Усе яны зьбіраюцца паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Кожны абірае свой шлях. Сяргей марыць стаць спэцыялістам міжнароднага мэнэджмэнту, Ганна захапляецца кітаістыкай, Іна будзе спартовым трэнэрам, Таня — псіхолягам, Віка — рэжысёрам-дакумэнталістам, Аляксандра цікавіць сацыялёгія, Андрэя — юрыспрудэнцыя, яшчэ адна Ганна хоча займацца гісторыяй мастацтва. Яны — вельмі розныя па сваіх навуковых прыярытэтах і схільнасьцях, па характарах і тэмпэрамэнтах. Але іх аб'ядноўваюць любоў да ведаў, ліцэйская вернасьць роднай культуры і мове, жаданьне зрабіць сваю радзіму-Беларусь дэмакратычнай і эўрапейскай краінай.
У няпростых умовах, у змаганьні фармуецца нацыянальная беларуская — сапраўдная эліта. На фоне рэжымнай дэмаралізацыі грамадзтва, шалёнай русіфікацыі моладзі сустрэча з дзяўчатамі і хлопцамі “Ліцэйскай Салідарнасьці” дае сьветлыя і аптымістычныя ўражаньні. Яны, а не чужынцы-цемрашалы, будуць вызначаць будучыню нашай Беларусі.
Янка Базыль