“КАНТОРА КРЫЕ, ЧЫМ МОЖА”

10 лютага 2007 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” спасылаецца на радыёстанцыю “Эхо Москвы” і працягвае тэму “атамнай вайны” ў цэнтры Лёндана, якую арганізавала летась ФСБ. Па маскоўскім радыё выступіў адстаўны афіцэр ФСБ А. Гусак, які назваўся былым камандзёрам А. Літвіненкі, атручанага ў Лёндане. Гэты Гусак выказаў упэўненасьць, што Літвіненку атруцілі чачэнскія эмігранты. Яны, маўляў, помсьцілі яму за дзеяньні Літвіненкі ў Чачэніі. Там, як сьцьвярджае Гусак, Літвіненка вызначыўся ў 1996 годзе, калі ФСБ змагалася з чачэнскімі партызанамі ў сяле Первамайскім.

Наш камэнтар: Чаго мы толькі не наслухаліся з лубянскай канторы. То Літвіненка сам сабе атруціў (“торговал полоніем-210 і лізнул его”), то яго Беразоўскі атруціў, то амэрыканцы атруцілі. Цяпер вось, аказваецца, аўтары забойства — чачэнскія патрыёты. Можна спытацца ў Гусака і ягонага галоўнага шэфа Пуціна — а чаму ж раней яны не расказалі пра “боевой путь” А. Літвіненкі ў Чачэніі. Калі гэта было сапраўды так, то з першага ж дня скандалу ФСБ выстаўляла б Літвіненку ў амплуа “забойцы чачэнскага народу”. Кантора крые, чым можа, сваю праваленую апэрацыю, выдумляе самыя дзікія тлумачэньні. Такімі іхныя дзеяньні былі заўсёды, беларусам гэта добра вядома.

Юрка Марозаў