НОВЫЯ ЗЬВЕСТКІ ПРА ЗАМАХ
11 лютага 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” пісала пра прызнаньні італьянскага генэрала Джузэпэ Гукі. Цяпер ён узначальвае спэцслужбы Італіі, а ў 1980-я гады працаваў у італьянскай рэзыдэнтуры ў Каіры. У 1987 г. ён некалькі разоў сустракаўся ў Каіры з польскім афіцэрам спэцслужбаў Бонкам. Той распавёў яму, што ў 1981 г. яму ў рукі ў Варшаве выпадкова патрапіў службовы дакумант аб падрыхтоўцы баўгарскімі і чэхаславацкімі спэцслужбамі замаху на Рымскага Папу Яна-Паўла ІІ. Бонк перадаў гэтыя зьвесткі італьянскім спэцслужбам за некалькі тыдняў да замаху на Папу, зьдзейсьненага Алі Агчой 13 траўня 1981 г. Але італьянцы не надалі належнай увагі зьвесткам (бо не пазначаліся дэталі маючага адбыцца злачынства). У 1990 г. Гукі выпадкова сустрэўся з Бонкам у Парыжы, дзе той суправаджаў прэзыдэнта Валенсу. Бонк распавёў яму, што ягоную інфармацыю перахапіў таксама афрыканскі студэнт тэалёгіі, які навучаўся ў Ватыкане. Гэты агент КГБ перадаў зьвесткі ў Маскву, а тая ў Варшаву. Бонка арыштавалі і пасадзілі ў турму. Аднак, у хуткім часе яго вызваліла народная ўлада, ён стаў героям.
Наш камэнтар: Што ж, гэта ёсьць чарговы эпізод пра тупізм заходнікаў (асабліва палітыкаў і спэцыялістаў, адказных за бясьпеку). Ім далі ў рукі каштоўную інфармацыю пра падступныя пляны крамлёўскіх васалаў, а яны адкінулі яе па фармальных прычынах ды яшчэ падзяліліся ёю з нейкімі “студэнтамі”. Але зьдзіўляе, гэтым разам станоўча, іншы факт з гэтага сюжэту. Афіцэр, які рабіў кар'еру ў камуністычных спэцслужбах Польшчы, падпарадкаваных Лубянцы, усяроўна заставаўся патрыётам сваёй радзімы. Ён быў здольны рызыкаваць жыцьцём дзеля справядлівай справы вызваленьня краіны і чалавецтва ад цемрашалаў-злачынцаў.
Юрка Марозаў