ЛЮТАЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

(“Мы ёсьць беларуская народная партыя”)

11 лютага сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Пагроза для Беларусі” (публікуецца). З дакладамі па палітычнаму і сацыяльна-эканамічнаму становішчу ў Беларусі і па-за яе межамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, а таксама сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Беларускім патрыятычным сілам удалося сарваць падступны плян Масквы, а менавіта не дапусьціць правядзеньне ў студзені 2007 г. антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму па “інтэграцыі” Беларусі ў Расею. Асьветніцкая праца па ўсёй краіне, супрацьдзеяньне патрыётаў антыбеларускаму рэжыму і прамаскоўскай апазыцыі, якія цягнулі людзей на фальшывыя мясцовыя выбары, — у чарговы раз не дазволілі антыбеларускім колам зьдзейсьніць пляны разбурэньня Беларускай дзяржавы. У выніку ў лягеры прарасейскай псэўдаапазыцыі пачалася шумная кампанія “ратацыі лідэра дэмсілаў” і “пагадненьня з Лукашэнкам”, што дэманструе сапраўдную сутнасьць псэўдаапазыцыйнай зьявы. А паміж Масквой і Менскам пачалося “высьвятленьне адносінаў”.

З набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі актывізуецца ня толькі групоўка Пуціна, але назіраюцца таксама спробы кансалідацыі непадпарадкаваных непасрэдна Пуціну і Лубянцы колаў дзеля захопу ўлады ў Расеі. Гэта ня толькі Зюганаў і ягоныя камуністы. Вядома, што значная частка расейскага генэралітэту і афіцэрскага корпуса незадаволена дыктатурай гэбістаў. Менавіта яны хацелі б правесьці новы “перадзел” маёмасьці ў імпэрыі. Яны імкнуцца абаперціся на шырокія масы насельніцтва Расеі, на мільёны абрабаваных імпэрскім рэжымам людзей, якія ўжо разуверыліся ў “пуцінскай дэмакратыі” і ў “новых рускіх”. Але абедзьве палітычныя тэндэнцыі ў Расеі аднолькава імпэрскія і аднолькава варожыя незалежнай Беларусі, цывілізаванаму разьвіцьцю нашага народу. Беларусам трэба не дапусьціць, каб усходняя імпэрыя ўцягнула нас у свой крывавы разлом. Няхай імпэрцы разьбіраюцца між сабой самы. Даносіць да нашых людзей праўду аб працэсах, што адбываюцца ў Расеі, аб неабходнасьці ісьці дэмакратычным шляхам незалежнай эўрапейскай дзяржавы, абараняць сваю мову і культуру — гэта застаецца галоўнай задачай патрыётаў-фронтаўцаў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Пасьля фальшывых мясцовых выбараў (на якіх дыктатура праваліла амаль усіх кандыдатаў псэўдаапазыцыі) псэўдаапазыцыянэры распавядаюць у мясцовай прэсе аб тым, як яны падчас выбарчай кампаніі абышлі тысячы кватэраў, як заклікалі людзей ісьці на выбарчыя ўчасткі. Яны прызнаюцца нават, што без іхнай “прапаганды за выбары” рэжыму не ўдалося б правесьці выбарчы спэктакль. Такім чынам, людзі яшчэ раз пераканаліся, чыім інтарэсам служаць гэтыя “дзеячы”. Па ўсёй краіне рэжым працягвае разбурэньне і зацісканьне ўсяго беларускага. Працягваецца шалёная кампанія русіфікацыі школьніцтва і ўсіх сфэраў публічнага жыцьця, гарады запаўняюцца расейскімі асаднікамі, якія скупляюць беларускую маёмасьць, займаюць кіруючыя пасады і лепшыя кварталы. Адказам на паўзучую акупацыю нашай краіны павінна быць усенародная Беларуская Салідарнасьць.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ