ПАГРОЗА ДЛЯ БЕЛАРУСІ
(Выступ на лютаўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
(...) Мы бачым пэўныя перамены ў фразэалёгіі Масквы і рэжыму на Беларусі і шчыльную дымавую заслону ў так званых СМІ. Тут важна рэальна бачыць, што адбываецца і не палічыць фразэалягічную траскатню за сапраўднасьць.
Генэральная лінія Крамля на ўлучэньне Беларусі ў склад Расеі застаецца нязьменнай, гэтак жа як і тактыка “інтэграцыі” і так званай “саюзнай дзяржавы”. Застаецца таксама ідэя-фікс Лукашэнкі заняць пасад у Крамлі і пакіраваць імпэрыяй. Таму палітыку “інтэграцыі” і “саюзнай дзяржавы” рэжым таксама падтрымлівае і будзе падтрымліваць. Дзеяньні Масквы па інкарпарацыі Беларусі цалкам узгоднены з Лукашэнкам і разьвіваліся па трох асноўных накірунках:
— прывязка беларускай эканомікі і гандлю да расейскай эканомікі і да залежнасьці ад расейскіх энергэтычных рэсурсаў;
— пераняцьце інфармацыйнага кантролю пад палітыкай і працэсамі ў Беларусі шляхам аб’яўленьня так званай “саюзнай дзяржавы” (аб’явілі ў сьнежні 1999 г.) і сфармаваньня структураў гэтага палітычнага фантому, дзе расейская бюракратыя і расейская разьведка стварылі цэлы апарат;
— стварэньне і арганізацыя ў Беларусі прарасейскай палітычнай эліты і наступнае прывядзеньне яе да ўлады (пад выглядам “дэмакратызацыі” рэжыму).
Спэцыфічным у гэтай палітыцы зьяўляецца тое, што ажыцьцяўляецца яна пры канкрэтным удзеле і дапамозе немцаў, якія ўключыліся ў яе ў канцы 1996 г. і ўзялі на сябе ў асноўным трэці накірунак нішчэньня Беларусі (г. зн. стварэньне кампрадорскай ненацыянальнай палітычнай эліты). Сумесныя дзеяньні рэжыму, гансвікаў, цапфаў, фрыкаў і КГБ-ФСБ мелі нядобрыя вынікі — быў стлумлены нацыянальны грамадзкі ўздым 1996–97 гг., расколаты Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і створана неадраджэнская (не накіраваная на нацыянальную ідэю) псэўдаапазыцыя.
Удзел немцаў у расейскай імпэрскай палітыцы сьведчыць пра геапалітычны характар канфлікту змаганьня за Беларусь, паказвае на вельмі сур’ёзную пагрозу нашай дзяржаўнай незалежнасьці і нацыянальнаму існаваньню (паўтараецца сітуацыя канца 18-га стагоддзя, калі расейцы зь немцамі ліквідавалі Вялікае Княства Літоўскае). Асноўная палітычная барацьба (барацьба за Беларусь) сканцэнтравалася якраз вакол трэцяга накірунку — вынішчэньня нацыянальных беларускіх сілаў, асобаў і арганізацыяў і стварэньне прамаскоўскай палітычнай прысутнасьці. На гэта Масквой былі кінутыя маштабныя сілы і сродкі, створана Хартыя-97, Эўрапейскі Гуманітарны Унівэрсітэт, шэраг газэтаў, прафсаюзаў, маса іншых дробных праектаў (тыпу РНЕ, “казакоў” і т.п.). Адначасна нішчылі беларускія навучальныя ўстановы, творчыя саюзы, радыёстанцыі і нават радыёпраграмы (напрыклад, “Голас душы”).
І ўсё ж задушыць Беларускую ідэю ні расейцам, ні немцам не ўдалося. Нягледзячы ні на што яна жыве і набірае сілы.
Адначасна пастаянна вырастае і нагадвае пра сябе ўнутраны акупацыйны канфлікт паміж антыбеларускімі сіламі — барацьба за Крэмль. Як толькі надыходзяць прызыдэнцкія выбары ў Расеі — адразу абвастраецца гэты канфлікт. Перад папярэднімі выбарамі гэта былі “мухі-катлеты”, цяпер — нафта-газавая свара.
Я ўжо пісаў пра тактычны пралік пуцінскай групы, якая паставіла задачу працягу існаваньня сваёй улады ў залежнасьць ад злучэньня з Лукашэнкам (ад магчымасьці інкарпараваць Беларусь). Як гэта ня дзіўна, яны не зразумелі (падвяла, відаць, гэбоўская салдафоністасьць), што Лукашэнка не прыме ніякой пасады ў Расеі, акрамя прэзыдэнцкай.
Гэбізм здольны толькі на грубую палітыку і спадзяецца на сілу. З гэтых пазыцыяў і была зроблена нафта-газавая атака на рэжым Лукашэнкі з мэтай прымусіць Лукашэнку пагадзіцца на інкарпарацыю на ўмовах Пуціна. Але ў выніку Пуцін палітычна прайграў, апёкся і з добрай мінай пры кепскай гульні разважае цяпер пра пераход на рынкавыя дачыненьні. Гэтае словаслоўе абазначае, што расейцы, скарыстаўшы прывязанасьць беларускай эканомікі да расейскіх энэргарэсурсаў і прыярытэтнае партнёрства ў гандлі, будуць паступова, крок за крокам разбураць цяперашнюю беларускую эканоміку, вобразна кажучы, заціскаць на шыі пятлю, каб загнаць Лукашэнку ў кут. (Беларускі народ тут у разьлік не бярэцца).
Ёсьць шмат магчымасьцяў супроцьдзейнічаць гэтай ізноў жа нямецка-расейскай палітыцы (прыняць антыбеларускі, нібыта рынкавы, тып дзеяньняў крамлёўцаў змусілі немцы; місія Шродэра і т.п.). Аднак, як мы бачым, рэжым Лукашэнкі асабліва не стараецца, эканамічна засьцерагчыся ад Расеі. Гучаць толькі заявы, дэклярацыі і ўсё ў асноўным круціцца ў палітыканскай сфэры. Прыяжджаюць пагаварыць то Зюганаў, то Рагозін, беларусажэрца рускі немец Рар, то прафэсійны эўрабюракрат Ван дэр Ліндэн і ўсё так нікуды не рухаецца, рэжым даволі спакойны, з абодвух бакоў гавораць пра інтэграцыю.
Палітычны пройгрыш Пуціна ў нафта-газавай свары ажывіў надзеі непуцінскіх і контрапуцінскіх сілаў у Расеі ў барацьбе за ўладу. Выглядае на тое, што яны не супраць выкарыстаць у гэтай барацьбе Лукашэнку ў якасьці зьнешняга тарана (бо ўнутры ў Расеі нікога ў альтэрнатыву Пуціну няма, пуціністы ўсіх выдушылі). Лукашэнка пра гэта ведае. Рэальнай альтэрнатывай мог бы стаць ён сам. Для Беларусі такім чынам зноў можа ўзьнікнуць вялікая і рэальная небясьпека, бо адновіцца гандаль Айчынай. Здаецца ўжо ўсе зразумелі, што за вышэйшую пасаду ў Крамлі гэтае шклоўскае няшчасьце Беларусі здасьць і Беларусь, і зямлю, і народ. Калі б авантура з аншлюсам сапраўды пачалася б (што ня выключана), то спыніць яе ўжо магла б толькі вайна, і беларусы да гэтага павінны быць падрыхтаваныя. За свабоду і за існаваньне трэба ваяваць.
* * *
Зьвяртаю вашу ўвагу на сымптаматычныя паводзіны лукашэнкаўскай псэўдаапазыцыі. Зьмянілася кан’юнктура дэмагогіі Эўразьвязу, гатовага ўжо супрацоўнічаць з “апошнім дыктатарам Эўропы”, як тут жа сваю гатоўнасьць да супрацоўніцтва зь “нелігітымным” Лукашэнкам засьведчыла і ягоная “апазыцыя”. Яны запрашаюць яго разам сьвяткаваць 25 Сакавіка — Дзень Незалежнасьці Беларусі. На поўным сур’ёзе нават ліст напісалі Лукашэнку, дзе заявілі, між іншым, што для іх 25 сакавіка і 3 ліпеня — адно і тое ж.
У палітычна разьвітым грамадзтве пасьля гэтакага “апазыцыя” проста перастала б існаваць. Але паколькі гэта не апазыцыя, а імітацыя, кіч у палітыцы, то ці такое мы яшчэ ўбачым. Пакуль Масква і Брусэль даюць ім грошы — будуць адпрацоўваць любым спосабам. Тым ня менш нельга ім даваць блюзьнерыць на святой справе. Мітынг на плошчы Каліноўскага і іншыя мерапрыемствы 25 Сакавіка будзем праводзіць мы. Як гэта зрабіць — тэхнічная справа. Захады мусіць падрыхтаваць тут кіраўніцтва Фронту і Управы Партыі. Мусіць быць у гэы дзень таксама шэсьце і ўскладаньне кветак да помнікаў вялікім нацыянальным паэтам. (...)
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
11 лютага 2007 г.