ДЗЕНЬ ВОЛІ, АЛЕ БЯЗ ХЕЎРЫ
Першы сігнал дыктатуры ад псэўдаапазыцыі паступіў ад сумнавядомага кіраўніка “Хартыі-97” Бандарэнкі. Яшчэ на пачатку лютага ён пачаў заклікаць Лукашэнку і ў цэлым антыбеларускі рэжым “разам адзначыць сьвята 25 Сакавіка”. Многія паціснулі плячыма, у чатах Бандарэнку абсьмяялі. Але ўсё, аказваецца, вельмі сур'ёзна. 7 лютага пад грукат барабанаў “адзіны дэмакрат” Мілінкевіч зьвярнуўся да Лукашэнкі з адпаведным лістом. Ён запрашае шклоўскага лідэра да “дыялёгу”, да “сумеснага сьвяткаваньня 25 сакавіка, які (паводле Мілінкевіяа) такі ж, як 3 ліпеня”, да “згоды і адзінства”.
Зразумела, што гэтыя “ребята” (як кажуць расейцы) адразу адчулі зьмену кан'юнктуры. Пасьля нядаўняга візыту ў Менск эўраначальніка з ПАРЭ Ван дэр Ліндэна і ягоных абяцанак эўрапейскай дружбы з антыбеларускім рэжымам “праваабаронцы” ўключыліся ў працэс “адзінства”. Каго ж гэта сп. Мілінкевіч запрашае выйсьці на сьвяткаваньне Дня Волі? Кіраўніцтва рэжыму, які на працягу гадоў наладжваў дзікія рэпрэсіі беларусам, што адзначалі Дзень Волі. Ён запрашае “яднацца” з асобамі, якія давялі да глыбокага крызісу і ізаляцыі нашу краіну. Можа рэжым спыніў шалёную русіфікацыю, можа вярнуў беларускія школы можа адкрылася праўда аб зьніклых палітыках (пра якіх столькі пустапарожна казалі Бандарэнка зь Мілінкевічам)? Не — русіфікацыя працягваецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца.
Але, маўляў, няхай яно так і будзе. Няхай бы, яны ўсе разам сабраліся на бангалорскім балоце хоць 25 сакавіка, хоць у іншы дзень. Сумленныя беларусы яшчэ раз убачылі б, што ўся гэтая псэўда-апазыцыя і прамаскоўскі рэжым — гэта ёсьць адно і тое ж, кіруемае і фальшывае. Беларусы будуць сьвяткаваць Дзень Волі, але бяз гэтай хеўры.
Янка Базыль