“МЕХ ЖАНЧЫН У ГЭТАЙ ВОБЛАСЬЦІ!”
3 лютага 2007 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” паведамляе з Масквы. Там пачаўся “всероссійскій” конкурс, які італьянцы з чорным гумарам назвалі “Miss Atomo”. Да 20 лютага па ўсёй “матушке-Русі” запісваюць жанчын і дзяўчат на спаборніцтва па прыгажосьці паміж работніцамі ўсіх прадпрыемстваў і ведамстваў, якія зьвязаны з “Росатомом”. Мэнэджэр конкурса І. Платонаў энтузіястычна гукае: “Ёсьць цэлы мех прыгожых жанчын у гэтай вобласьці!” Італьянская газэта камэнтуе некаторых кандыдатак на “міс” і перадрукоўвае іхныя фота. Адна зазьнялася ў сваім раскошным доме, другая — на фоне мора. Але ў газэтным матэр'яле адчувалася іранічная інтанацыя і лёгкае зьдзіўленьне кур'ёзным маскоўскім “меропріятіем”.
Наш камэнтар: Неяк расейскія тэлеканалы паказвалі конкурс “Міс ФСБ”. Цяпер вось шумна выбіраюць прыгажуню сярод атамшчыц. Чаму ў іншых краінах не праводзяцца (прынамсьці публічна) “конкурсы” сярод гэтых сацыяльных катэгорыяў? Няма “Міс ЦРУ” або “Міс хірасімскай бамбардоўкі”. У псіхічна нармальных грамадзтвах улады і большасьць насельніцтва ня робяць рэклямнай шуміхі на такія тэмы.
Беларусы добра ведаюць, што атамнае ведамства Расеі — гэта антычалавечая, злачынная арганізацыя, якая павінна быць асуджана міжнародным трыбуналам за сваю шматгадовую практыку (якая актыўна працягваецца й цяпер). Менавіта гэтае ведамства было выканаўцам атамных крамлёўскіх праектаў, якія прывялі да Чарнобыльскай катастрофы і шэрагу іншых маштабных катастрофаў, у выніку якіх пацярпелі і церпяць пакуты мільёны людзей. Атамны злачынца не заікаецца пра сваю адказнасьць, пра кампэнсацыю ахвярам. Злачынца працягвае выконваць загады злачыннага Крамля. Менавіта праз “Росатом” міжнародная атамная мафія (МАГАТЭ і інш.) праводзіць буйнамаштабны экспрымэнт, назіраючы за насельніцтвам, якое жыве ў атручаных “мірным атамам” зонах. У самой Расеі Чарнобылем атручаны сем вобласьцяў, насельніцтва хварэе і вымірае. А гэтыя шукаюць “міс” у кабінэтах “Росатома”. Зразумелае жаданьне лубянскай канторы прадэманстраваць “человеческое ліцо” свайго рэжыму. Нават у НКВД не праводзіліся конкурсы на “прыгажэйшую растрэльшчыцу”, а ў гестапа не шукалі “міс крэматорыя”...
Валеры Буйвал