ГОЛАС ГІСТОРЫІ

4 лютага 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” паведамляе пра знаходку нямецкіх гісторыкаў. У цэнтральнай бібліятэцы горада Ены быў знойдзены рукапіс сакратара Марціна Лютэра. Сакратар сярод іншага занатаваў, што Лютэр уласнаручна прыбіў тэкст з 95 тэзісамі Рэфармацыі на дзьвярах замкавага сабора ў Вітэнбэргу. Раней былі невядомымі падрабязнасьці падзеяў 31 жніўня 1517 года, дня, ад якога пачынаецца гісторыя Рэфармацыі. Многія гісторыкі сьцьвярджалі, што Лютэр толькі прачытаў свае тэзісы з унівэрсітэцкай катэдры і ня браў малаток у рукі.

Наш камэнтар: Здавалася б, ну і што? Высьветлілася такая драбніца пра адзін дзень нямецкай гісторыі. Але, па-першае, які гэта быў дзень! Пад стукат Лютэравага малатка рэфармацыйная рэвалюцыя пачала сваё драматычнае шэсьце па Эўропе, дасягнула ВКЛ, вызначыла новыя напрамкі разьвіцьця для многіх народаў. Па-другое, любое культурнае грамадзтва радуецца кожнаму (няхай сабе і не магістральнаму) адкрыцьцю ў сваёй гістарычнай мінуўшчыне. Таму што мінуўшчына дарагая культурнаму народу як уласнае жыцьцё, як падмурак цяпершчыны і будучыні. На ведах і любові да нацыянальнай гісторыі гадуецца кожнае пакаленьне народу. Невыпадкова расейскія акупанты раней, а прарасейскі акупацыйны рэжым цяпер праз гвалтоўную русіфікацыю імкнуцца канчаткова адрынуць беларусаў ад уласнай гісторыі, мовы і культуры. Буйнамаштабная “зачыстка “усяго беларускага, адкрытая нянавісьць да нашай вялікай гісторыі і культуры — натуральныя дзеяньні і адпаведная пазыцыя акупанта-зьнішчальніка.

Юрка Марозаў