РАСЕЙСКІ БІЗНЭС

3 лютага расейскія тэлеканалы паказалі жудасны сюжэт. У лесе каля сібірскага горада Ніжняга Тагіла выпадкова была знойдзена яма, поўная трупаў. Забойцы закапалі толькі ў гэтым месцы 18 трупаў маладых дзяўчат (16-20-гадовых). Ніхто б іх не знайшоў у глухім лесе, але дзікія зьвяры раскапалі яму і пачалі цягаць паўсюль чалавечыя парэшткі. Ужо арыштаваныя забойцы. Пяцёра маладзёнаў (чацьвёра з іх — браты і стрыечныя браты) на працягу гадоў займаліся бізнэсам. Пад прыкрыцьцём сямейнай аўтарамонтнай майстэрні яны арганізоўвалі прастытуцыю. Некаторых з дзяўчат яны далучылі да прастытуцыі гвалтоўна. Тых, хто “адпрацаваў сваё” альбо спрабаваў вырвацца з пекла, яны забівалі. Акрамя знойдзенай ямы, “бізнэсоўцы” мелі яшчэ некалькі месцаў забойства і пахаваньня ахвяраў. Навіна толькі адзін раз прамільгнула на расейскім тэлебачаньні і зьнікла назаўжды. Такое часам здараецца ў розных, нават цывілізаваных краінах. Але факты масавых забойстваў абмяркоўваюцца ў грамадзтве, робяцца вынікі аб эфэктыўнасьці палітычнай ўлады, паліцэйскай сістэмы і аб маральным стане грамадзтва. Лубянская кантора апэратыўна загадала схаваць справу пад лаву і гукнуць сваё “жізнь продолжается, товарішчі!” На сваёй прэс-канфэрэнцыі ў Маскве для дзьвюх тысячаў журналістаў Пуцін шмат сьмяяўся, жартаваў, нават груба куражыўся (пра гэта паведамляюць сотні СМІ розных краінаў). Што ж не згадаў ён анісловам пра сібірскі кашмар, пра лакальны Равэнсбрук (так называўся знакаміты гітлерскі канцлягер для жанчын), наладжаны ў тагільскіх сьнягах? А навошта? “Жізнь же продолжается...” Нагадаем, што крамлёўская каманда па дамоўленасьці з Брусэлям мяркуе арганізаваць інтэграцыю-акупацыю Беларусі ў сваё “союзное государство”, а потым паслаць мільёны беларусаў на нафта-газавыя сьвідравіны менавіта ў Ніжні Тагіл і іншыя жудасныя месцы.

Янка Базыль