ГАЛОВЫ ЦМОКА
5 лютага 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” піша пра візыт французкага сацыяліста Жака Ланга ў Алжыр. Ланг — дарадца кандыдаткі на прэзыдэнта Францыі ад сацыялістаў Сэгален Руаяль. На сустрэчы з прэзыдэнтам Алжыра А. Бутафлікай ён заявіў, што ў выпадку перамогі на выбарах іхная ўлада зоймецца пераглядам былых падзеяў. Паводле Ланга, Францыя павінна прызнаць факты злачынстваў, зьдзейсьненых французкай арміяй і адміністрацыяй падчас вызваленчай вайны алжырскага народу ў 1956-1962 гг. Павінна быць сказана ўся праўда аб французкім каляніялізме ў Алжыры (1830-1962 гг.). Францыя павінна папрасіць прабачэньне ў алжырскага народу за прыгнёт і рэпрэсіі. Паівнны быць перагледжаны таксама й падручнікі, дзе пануе ідэалізацыя французкага каляніялізму.
Наш камэнтар: Такія памкненьні сьведчаць пра здаровыя тэндэнцыі ў французкім грамадзтве. Цывілізаваная краіна павінна знайсьці выйсьце з каляніялісцкай мінуўшчыны. У Расеі таксама ўсё актыўней разгортваецца перадвыбарчая барацьба з прыцэлам на прэзыдэнцтва ў 2008 годзе. Але ніхто з маскоўскіх палітыкаў не піскнуў пра неабходнасьць прасіць прабачэньне ў народаў, што пакутвалі пад расейскай імпэрыяй. Усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот — з Усходу даносіцца дзікі рык і галёканьне імпэрыялістаў, якія заклікаюць да рэваншу, да рэстаўрацыі імпэрыі “ад мора да мора”. Адна з галоўных прычынаў бесперапыннага стану шавіністычнай агрэсіўнасьці ў тым, што пасьля развалу саўдэпіі ў 1991 годзе маскоўская імпэрыя захавалася ў абсечаным выглядзе. Галовы цмока адрасьлі зноў, пачвара зноў пагражае народам.
Юрка Марозаў