“ЭКСПАНСІЯ РАСЕЙСКАЙ КВАЗІКУЛЬТУРЫ — “ПАПСЫ”

На працягу апошніх гадоў на ўсёй тэрыторыі Беларусі разгортваецца экспансія расейскай маскультуры (квазікультуры або папсы). Ня толькі ў сталіцу і абласныя цэнтры, а нават у Івацэвічы, Пухавічы і Жлобін рэгулярна накіроўваюцца дэсанты ў справе “обогашченія велікой русской духовностью”. Беларускія таленты ня маюць магчымасьці разьвівацца і дэманстраваць сваю творчасьць, нашы фальклёрныя і эстрадныя гурты (якія працуюць на беларускай мове і на аснове нацыянальнай традыцыі) адсунуты рэжымам на ўзбочыну, большасьць насельніцтва краіны ня ведае, што такое тэатр на беларускай мове. Паўсюль расейская халтура, тандэтнае, нізкапробнае галёканьне “пад фанеру” (пад фанаграму), расейскія тэтральныя выступы ў агромністых залях, дзе ня чуваць акцёраў і г.д. Аказалася, што халтура да таго ж гаспадарыць на нашай зямлі ў адкрыта мафійных, крымінальных формах. Нават рэжым агаломшаны маштабамі гэтай злачыннай зьявы. 29 студзеня ў Магілеве скончыўся працэс над адным з арганізатараў “духовності”.

“Худрук” магілеўскай філармоніі Уладзімер Браілоўскі атрымаў 9 гадоў турмы за мафійныя справы і карупцыю ў канцэртным бізнэсе. Ён і ягоныя структуры маніпулявалі вялікімі сумамі грошай, выплочвалі расейскай папсе шалёныя ганарары, яшчэ не прадаўшы квіткі на канцэрты, разам з гасьцямі з Усходу раскрадалі грошы. Можа пасьля пакараньня магілеўскага эстраднага мафіёзы спыніцца шалёная русіфікацыя нашага культурнага жыцьця? Але мяркуючы па афішах ў нашых гарадах, змрочны наступ на нашу культуру ўзмацняецца з кожным днём.

Валеры Буйвал