ТУПІК КАНСУМІЗМУ

1 лютага 2007 г. Гішпанская газэта “АВС” піша пра акцыю экалягічнай арганізацыі “Альянс за плянэту”. “Альянс” заклікаў насельніцтва і камунальныя службы заходніх краінаў адключыць роўна на пяць хвілін электрычнасьць і ўсе бытавыя прыборы. Такім чынам людзі, маўляў, выкажуць пратэст супраць сусьветнага пацяпленьня, выкліканага шкоднымі прамысловымі выкідамі ў атмасфэру. Мяркуецца, што ў рамках акцыі людзі таксама заявяць такім чынам сваім уладам пра неабходнасьць эканоміць электрычнасьць. Зьбіраюцца адключыць на пяць хвілін нават ілюмінацыю на Эйфэлевай вежы ў Парыжы (мільёны лямпачак). (Дарэчы, гэта небясьпечная забаўка для энергетычнай сістэмы горада.)

Наш камэнтар: Яшчэ адзін тупік заходняга грамадзства — тупік кансумізму. Геданістычны “кайф” любым коштам праваліў ужо не адну высокатэхналягічную (для свайго часу) цывілізацыю. Разбэшчаныя шалёным багацьцем і шалёнымі забавамі грамадзтвы загнівалі і сыпаліся на вачах уражанага сьвету. Цяперашняя заходняя цывілізацыя таксама ўжо некалькі дзесяцігоддзяў ўсё глыбей патанае ў нездаровым памкненьні да звышпрыбыткаў і звышзабаваў любым коштам. Кароў кармілі каровіным мясам і даскакаліся да “каровінага шаленства” (а пра гэтую небясьпеку адзін швэдскі навуковец экспэрымэнтальна папярэджваў яшчэ ў 1920-я гады). Вылівалі хімічныя выкіды буйных прадпрыемстваў у рэкі, у выніку рэкі Эўропы сталі небясьпечнымі для ўсяго жывога клаакамі.

Цяпер заходнія кіраўнікі актыўна кланяюцца перад крамлёўскім царом, аддаюць яму на зьнішчэньне беларускі народ — абы газ-нафту пампаваў на Захад дзеля працягу “кайфу”. Аматары-рамантыкі заклікаюць адключыць электрапрыборы на пяць хвілін... А можа трэба проста жыць нармальным чалавечым жыцьцём, без шалёнага балю на фоне маскоўскай акупацыі беларускай часткі Эўропы? Можа трэба не гуляцца ў сымвалічныя акцыі “пратэсту”, буйнамаштабныя мобы-шмобы, а ўрэшце ўбачыць сапраўдную сутнасьць гэтай палітыкі? Без сапраўднай эўрапейскай салідарнасьці людзей і народаў Захад будзе бясконца знаходзіцца ў наркатычнай залежнасьці ад усходняй Імпэрыі Зла, будзе саступаць імпэрцам адну пазыцыю за адной, адзін народ за адным. Аж покуль усходнія варвары прыдуць у Брусэль, Парыж ды пачнуць з рогатам выкручваць лямпачкі на Эйфэлевай вежы.

Валеры Буйвал