З. ПАЗЬНЯК: “МЫ АЦЭНЬВАЕМ СЫТУАЦЫЮ ЯК ВЕЛЬМІ НЕБЯСЬПЕЧНУЮ”

Словы расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна аб будаўніцтве саюзнай дзяржавы і верагоднасьці ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты камэнтуе па тэлефоне з Варшавы старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Пазьняк: “Усё, што было сказана на гэтай прэсавай канфэрэнцыі, можа быць унікальным толькі для прафанаў. Нам гэта ўжо набіла аскому. Таму што ўсё, што Пуцін казаў, кажа і будзе казаць — даўно ўжо прааналізавана нашай народнай партыяй, якая называецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Я пра гэта пісаў яшчэ паўмесяцы таму, пад час “паліўнай спрэчкі”.

Таму проста працытую: “Скандалісты вярнуліся на зыходныя і, дарэчы, агульныя палітычныя пазыцыі. Інтэграцыя працягваецца і будзе працягвацца. Гэта толькі эўфэмізм імпэрскай палітыкі, тут не мяняецца нічога. У студзені працягваецца стварэньне ў Беларусі адзінай беларуска-расейскай (фактычна, расейскай) сыстэмы супрацьпаветранай абароны, функцыянуюць усе патрэбныя Расеі псэўдаструктуры так званай “саюзнай дзяржавы”, адчыненыя межы і гэтак далей. А ў афіцыйнай Беларусі ніхто не шукае і ня думае ні пра якія эканамічныя, энэргетычныя і іншыя альтэрнатывы. Усё гэта паказвае на непрынцыповасьць канфлікту, што ізноў пераходзіць у зацяжное суперніцтва, небясьпечнае для народу Беларусі, які, паўтаруся, знаходзіцца ў закладніках гэтай авантурнай палітыкі двух асобаў”.

Я вымушаны быў гэта працытаваць, бо гэта істотна ў той сытуацыі, якая зараз склалася ў Беларусі, калі створана дымавая заслона ўсёй гэтай прапагандысцкай сыстэмай дыктатуры. Нічога прынцыповага не адбылося. Адбылася сварка паміж саюзьнікамі, а ніякія прынцыповыя падыходы па зьнішчэньні беларускага сувэрэнітэту, нацыі, эканомікі — яны не перагледжаныя. Яны засталіся, як былі, у Расейскай палітыцы.

Я падкрэсьліваю: мы ацэньваем гэтую сытуацыю як вельмі небясьпечную. Яна больш небясьпечная для сувэрэнітэту Беларусі і для беларускіх інтарэсаў, чым была да гэтай сваркі. Таму што ў Пуціна няма выйсьця. Калі яны ня зробяць нейкую бачнасьць інтэграцыі, дык яны страцяць уладу. А страта ўлады для пуцінскай групы — гэта перадзел усяго. І “беспредзел”, як у Расеі кажуць. Яны гэта цудоўна разумеюць. Стаўку яны зрабілі на тое, што створаць нейкую бачнасьць “саюзнай дзяржавы” і зробяць новыя выбары прэзыдэнта, і такім чынам Пуцін пойдзе на трэці тэрмін. На гэтую карту пастаўлена ўсё. Іхнія палітыкі ўвесь час кажуць, што там “памылку зрабілі”, “яйкі ў адзін кошык паклалі”, тое ды гэтае...

Усе гэтыя эўфэмізмы добра зразумелыя. Таму цяпер бузе зроблена ўсё, каб дасягнуць гэтай мэты. Пойдуць на зьмену тэрміналёгіі. Вось зараз мы назіраем, мяняецца тэрміналёгія, ужо гэтак лагодна пра нейкія “інтарэсы”, што разам нешта “робяць”. Будзе адпаведны ціск у гэтай лагоднай сыстэме, будзе подкуп. Я не сумняюся, калі справа стане рубам, яны могуць кінуць пару мільярдаў асабіста Лукашэнку. Справа ідзе ў іх аб жыцьці і сьмерці. І вось гэтая канфэрэнцыя сьведчыць, як яны пачынаюць гэтую палітыку ажыцьцяўляць. І мы яшчэ і ня тое ўбачым.

Беларускі народ зараз павінен чотка зразумець, што справа ідзе аб яго лёсе. Зараз я выступіў з заклікам ствараць камітэты абароны Беларусі, якія былі ўжо створаныя пасьля “мухаў і катлет”, і потым гэта было адкладзена. Цяпер гэта трэба рабіць, таму што ў Беларусі няма аніводнай партыі, акрамя нашай народнай партыі, якая дасягнула Незалежнасьці, якая б выяўляла інтарэсы беларускага народа. Наша партыя і наша моладзь — вось дзьве сілы. І гэтыя сілы дыктатура імкнецца зьнішчыць. Гэта трэба разумець. І ніякая дэмагогія, якая ідзе з прэсавых канфэрэнцыяў, з Масквы, з іхнага радыё і тэлебачаньня, ня можа ўспрымацца ўсур'ёз. Таму што гэта працяг той жа самай палітыкі, таго ж самага “перадзелу”. І наш народ як быў у закладніках гэтай сыстэмы, так і застаўся. І задача — каб ён з гэтых закладнікаў выйшаў, каб ён асэнсаваў свой нацыянальны інтарэс, свой нацыянальны гонар.

Вось гэта і ёсьць асноўнае, на што мы павінны пакладацца — на сваю нацыянальную сілу, на свой народ, на свае інтарэсы. Ніякі Ван дэр Ліндэн, ніякі Шродэр ці Пуцін у нашай нацыянальнай сытуацыі нам не саюзьнікі і не дапаможнікі. Гэта людзі, якія маюць толькі свае інтарэсы. Ім няважна дэмакратыя. У Беларусі адбылася велізарнейшая падзея за апошнія тры месяцы. Не “газавы” канфлікт. Гэта ўсё дробязь у параўнаньні з тым, што адбылося. Адбыўся выбух палітычнай “атамнай бомбы”. І што? Поўнае маўчаньне! 23 лістапада Лукашэнка афіцыйна сказаў, пацьвердзіў, што ён сфальсыфікаваў прэзыдэнцкія выбары.

Вы ўявіце нешта падобнае ў Польшчы ці ў Чэхіі, у якой заўгодна краіне! Уся б нацыя выйшла на вуліцы! Такі прэзыдэнт не праіснаваў бы некалькіх гадзін! Тут жа ўключылася б заканадаўства, тут жа ўключылася б усё грамадзтва. Што адбываецца ў Беларусі? Поўнае маўчаньне! Уся каляпалітычная публіка маўчыць. Наша партыя падала ў Вярхоўны суд аб узбуджэньні крымінальнай справы, суд адмовіў. Хто камэнтуе гэта ўсё? Дзе тая незалежная прэса? Незалежная прэса так званая зьмяшчае на першай старонцы вялікі партрэт Лукашэнкі — “Паварот”! Ніякага “павароту” няма. Паварот толькі да магілы.

І вось гэты “выбух” у лістападзе, калі Лукашэнка — так, ён рабіў сваю тактычную памылку, але ён прызнаўся, што ён зрабіў фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў, — паказаў, на якім узроўні знаходзіцца грамадзтва. І што азначаюць усе гэтыя перамовы з Брусэлем і Ван дэр Ліндэнам, якія таксама “нічога ня чулі” аб тым, што Лукашэнка прызнаў фальсыфікацыю.

Гэта ўсё кажа аб тым, што пакуль наш народ не адчуе сваю сілу, пакуль ён не стане на свае пазыцыі, пазыцыі сваіх нацыянальных інтарэсаў, да гэтага часу і будзе існаваць дыктатура, і да гэтага часу будуць дурыць і беларускі народ, і міжнароднае грамадзтва, што мы зараз і бачым”.

Сяргей Навумчык, паводле радыё Свабода