АЛЕ ВЕЧНА ТАК НЯ БУДЗЕ
У савецкіх календарах 21 студзеня называўся “ленінскім днём” і фарбаваўся ў чорнае. У 1924 годзе ў гэты дзень памёр стваральнік ленінізму і выратавальнік расейскай імпэрыі. Цяпер гэтую дату адзначаюць выключна камуністы і яшчэ адна катэгорыя “трудяшчіхся” — а менавіта стукачы. Ужо з раніцы па вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак пачалі бегаць крэпенькія дзядзькі з пакетамі. У пакетах — рытуальныя “бутылочка і закусочка”. Яны зьбіраюцца ў каго-небудзь са “сваіх”. Настальгіруюць па мінулым, але ня толькі.
Паўпадпольныя сходкі агентурнага рэзэрву праводзяцца дзеля падтрыманьня гатоўнасьці. У гэтых паўфармальных структурах рэй вядуць расейскія асаднікі, у асноўным адстаўныя афіцэры. Многія зь іх і цяпер сядзяць на “ответственной работе”: у аддзелах кадраў (перабіраюць картатэкі з беларусамі), на прахадных і ў ахове міністэрстваў і прадпрыемстваў. Многія пасьпяхова займаюцца антыбеларускім бізнэсам і антыбеларускай палітыкай. Вядома, што ў балтыйскіх рэспубліках жыцьцё акупантаў-стукачоў зрабілася сумным ва ўмовах нацыянальных дэмакратычных дзяржаваў. У Беларусі ва ўмовах шклоўскага рэжыму яны пачуваюцца элітай. Але вечна так ня будзе.
Янка Базыль