ЯК ЗАСЬЦЕРАГЧЫСЯ АД ЗАРАЗЫ
22 студзеня Радыё Свабода паведаміла пра аднаго з удзельнікаў праграмы навучаньня беларускіх студэнтаў у Польшчы. “Свабода” можа б і не паведамляла пра гэты факт, але пра яго шырока паведамілі ўжо польскія СМІ. 20-гадовы студэнт з Гомлі (сябра АГП) Уладзіслаў Міхайлаў заявіў публічна, што перад выездам у Польшчу яго завербавала КГБ РБ (такая катэгорыя “сотруднічества с органамі” ў народзе называецца “стукач”, а ў чэкістаў “сексот”). Што ж, сьмелы ўчынак маладога чалавека трэба толькі вітаць. Нават польская прафэсура, якая курыруе беларускую студэнцкую праграму сказала, што разьлічвала на снаходжаньне сярод студэнтаў “ад Мілінкевіча” агентаў КГБ.
У сувязі з падзеяй трэба нагадаць некалькі рэчаў беларускай моладзі і ўсім грамадзянам. Па-першае, адмаўляйцеся ад “нефармальных” сустрэчаў і размоваў з прадстаўнікамі КГБ (або ФСБ). Закон на вашым баку. Яны ня маюць права вербаваць вас, пагражаць вам, падкупляць вас і г.д. Паводле Закону, КГБ можа запрасіць вас у свае апартамэнты толькі афіцыйнай позвай, прысланай па пошце на ваш адрас. У позве павінна быць указана вашае імя, а таксама подпіс, пасада і імя таго з КГБ, хто вас выклікае. Вельмі важна, каб было пазначана, па якой справе вы праходзіце (з указаньнем артыкула Закону) і ў якасьці каго (напрыклад, сьведкі). Усё астаняе, — тэлефанаваньні (“нам нужно с вамі встретіться і поговоріть”), візыты на месца вашай працы і вучобы (напрыклад, размовы з КГБ у кабінэце дэкана) або прыставаньне чэкіста на вуліцы (“у меня к вам есть пару вопросов”) — гэта ўсё незаконна. Так яму, чэкісту, пра гэта й кажыце: “Я з вамі размаўляць ня буду, выклікайце мяне ў сваё ГБ позвай”. Калі не адчэпіцца, то вы маеце права зьвярнуцца на яго ў суд.
Ніколі не пагаджайцеся “сотруднічаць” з імі. Вас пасадзяць на гэты кручок на ўсё жыцьцё, не парушайце Закон разам з імі. Нават калі вы праявілі разгубленасьць і чэкіст лічыць, што вы “працуеце на яго”, то ніколі не позна адмовіцца і запатрабаваць, каб яны адчапіліся ад вас і пакінулі ў спакоі. КГБ больш за ўсё баіцца адкрытасьці, галоснасьці і праўды. Расказвайце як мага большай колькасьці асобаў, што да вас прыстае КГБ, што вас вербуюць, што вы ня хочаце быць стукачом. Ня бойцеся. Няхай чэкіст падумае, што вы — “дурак”, і адстане ад вас. Вельмі важна нішто ім не падпісваць. Але ў любы момант вы можаце публічна заявіць пра факт незаконнай вербоўкі, запалохваньня вас, вымушэньня з боку КГБ — Закон на вашым баку.
Юрка Марозаў