ЎСІМ “НАЗАД”!

23 студзеня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” пісала пра канфэрэнцыю румынскага студэнцтва, якая адбылася ў Бухарэсьце ў рамках міжнароднай студэнцай “Балёнскай праграмы”. Студэнты патрабуюць рэфармаваць нацыянальную сістэму адукацыі, выкарыстоўваць інтэрактыўныя мэтады выкладаньня, больш увагі надаваць правядзеньню навуковых экспэрымэнтаў. Студэнты пратэстуюць супраць мэханічнай манэры выкладаньня, сьцьвярджаюць, што 90% прафэсуры карыстаюцца састарэлымі мэтадамі адукацыі.

Наш камэнтар: Паслухалі б удзельнікі “Балёнскай праграмы” расповеды калегаў з Беларусі — за галаву схапіліся б. У нашай краіне практычна існуе не беларуская ўнівэрсітэцкая адукацыя, а правінцыйная адукацыйная падсістэма чужой краіны — расейскай імпэрыі. Неверагодна, каб пасьля вызваленьня Беларусі ад расейскай акупацыі і аднаўленьня незалежнай Беларускай дзяржавы ў 1991 годзе школьніцтва і ўнівэсітэцкая адукацыя існавалі ў нас на чужынскай расейскай мове. Гаварэньне пра тое, што “няма падручнікаў”, “няма беларускамоўных спэцыялістаў” — гэта такая ж хлусьня, як і фашыстоўскія разважаньні пра тое, што “белорусскій язык не дорос, на нём нельзя выразіться в науке”.

Выцясьненьне нашай культурнай мовы з адукацыі (і іншых сфэраў жыцьця) ёсьць мэтад зьнішчэньня нашага народу, а таксама прымітывізацыі і панявольваньня нашых навуковых элітаў. Куды дарога такому “русскому спеціалісту із РБ”? Зразумела, што ў Сібір і ў іншыя мядзьвежыя куты Расеі, у лепшым выпадку — мізэрнае існаваньне пад камандай маскоўскіх начальнікаў на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Нармальна жыць і працаваць у сваіх радзімах, падарожнічаць, вучыцца і працаваць у цывілізаваным сьвеце будуць эстонцы, летувісы, палякі, чэхі і іншыя нядаўнія нашы сукамэрнікі па маскоўскаму “соціалістіческому лагерю”. Таму што ў іх арыентацыя не на пачварнага імпэрыяліста (які прыкрываецца Пушкіным ды Талстым), а на сваю гістарычную і культурную нацыянальную традыцыю, якая ёсьць арганічнай часткай вялікай эўрапейскай культуры. Усе народы ідуць наперад. Невыпадкова русіфікатары так настойліва і зьнішчальна вядуць нашу моладзь па імпэрска-маскоўскаму шляху паводле прыдарожнага ўказальніка, на якім напісана “Назад”. “Адукацыйныя рэформы”, якімі тлуміць галаву антыбеларускі рэжым у апошняе дзесяцігоддзе, таксама дэманструюць мэтады прымітывізацыі і абалваньваньня нашай школьнай і ўнівэрсітэцкай моладзі. Якая ўжо тут інтэрактыўнасьць, якая творчасьць, калі навуковае спаборніцтва апушчана да тупых тэстаў, а гісторыю рэлігіі чытаюць вэтэраны КПСС (і гэта толькі некаторыя моманты разбуральных “рэформаў” рэжыму). Пакуль адукацыя ў Беларусі ня будзе арганізавана на беларускай мове, паводле нашых лепшых традыцыяў і лепшых дасягненьняў эўрапейскай пэдагагічнай навукі — дагэтуль будзе працягвацца шклоўскі зьдзек з нашай моладзі. Вызваленая ад імпэрыялістаў Беларуская дзяржава з першага дня возьмецца за нармалізацыю ўнівэрсітэцкага і школьнага жыцьця.

Валеры Буйвал