ЛЕКЦЫЯ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

23 студзеня 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляла з Паўночнай Ірляндыі. У Бэлфасьце адбылася канфэрэнцыя, на якой выступіла амбудсмэн паліцыі Нула О'Лон. Яна прадставіла справаздачны даклад аб дзейнасьці брытанскай паліцыі ў Паўночнай Ірляндыі. На працягу 90 гадоў мінулага стагоддзя брытанская паліцыя Ольстэра (акупаванай брытанцамі часткі Ірляндыі) актыўна падтрымлівала прабрытанскія баявыя групоўкі. У выніку рассьледваньня даказана, што брытанскай паліцыя Ольстэра актыўна прыкрывала злачынную (гандаль зброяй і наркотыкамі) і тэрарыстычную дзейнасьць прабрытанскіх арганізацыяў, паліцыя замешана ня менш як у 10 забойствах і г.д. Прадстаўнікі ольстэрскіх спэцслужбаў, зразумела, адмаўляюцца ад усяго. Але ўжо пачалося сьледства па некаторых справах і адбыліся першыя затрыманьні былых супрацоўнікаў паліцыі.

Наш камэнтар: Брытанская імпэрыя выкарыстоўвала свае спэцслужбы і сваю паліцыю ў барацьбе з ірляндскімі патрыётамі, якія вялі змаганьне за поўнае вызваленьне Айчыны ад брытанскай акупацыі. Пасьля адваяваньня незалежнасьці і ўтварэньня Рэспублікі Ірляндыі ў 1922 г. шэсьць графстваў Ольстэра на поўначы выспы засталіся пад брытанскай адміністрацыяй. Зразумела, на чыім баку была ольстэрская паліцыя, амаль цалкам сфармаваная з прадстаўнікоў пратэстанскай абшчыны (прыхільнікаў Брытаніі). Ольстэрскія католікі вялі падпольнае змаганьне супраць імпэрыі. У 1968-69 гг. Ольстэр стаяў на парозе вызваленьня і ўзьяднаньня з Айчынай. Брытанскія імпэрыялісты і іхныя мясцовыя паслугачы разгублена глядзелі на магутныя народныя патрыятычныя дэманстрацыі, якія ня мог ужо спыніць паліцэйскі тэрор. Па ўсёй незалежнай Ірляндыі таксама адбываліся шматтысячныя мітынгі салідарнасьці, на якіх людзі патрабавалі ад ураду рашучых дзеяньняў. На ольстэрскай мяжы сканцэнтраваліся ірляндскія войскі, гатовыя вызваліць акупаваныя ірляндскія графствы.

Але ўся праблема была ў тым, што пры ўладзе ў Дубліне знаходзіліся ірляндскія ўсьмешлівыя мілінкевічы ды хітранькія вінцучкі. Яны ўсё імітавалі “барбу”, хлусілі свайму народу, езьдзілі ў Брусэль ды разгублена мармыталі нешта пра дэмакратыю. Не знайшлося нацыянальнага лідэра, які б адмахнуўся ад брусэльскіх балбатуноў і ўзяў справу вызваленьня роднай зямлі ў свае рукі. На фоне брытанскай разгубленасьці ірляндскія войскі прайшлі б па Ольстэру трыюмфальным маршам. Але не было ў Дубліне нацыянальнага палітыка. “Агульныя дэмакраты” правалілі ўсё, адвялі войскі, загналі ў тупік народны рух. Праблема ня вырашана дагэтуль. Гэта ёсьць вялікая лекцыя для беларусаў.

Валеры Буйвал