МЭРКЭЛЬ БАІЦЦА САБАКІ ПУЦІНА

23 студзеня 2007 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведамляла пра дэманстрацыю па брытанскім тэлеканале “ITV News” апошняга інтэрвію А. Літвіненкі, забітага пазьней агентамі з ФСБ. Літвіненка называе мэтады ФСБ “тэрарыстычнымі”. Распавядае, як Лубянка пагражала яму забойствам ягонага 6-гадовага сына, як яму ў кватэру чэкісты кінулі бомбу. Літвіненку пагражалі таксама, што забьюць ягонага блізкага сябра. Гэты сябра пасьпеў паведаміць яму інфармацыю, што цяперашні прэм'ер-міністар Італіі Рамана Продзі (былы камуніст) меў сувязі з КГБ. Гэтага сябра і ягоную жонку чэкісты расстралялі на парозе іхнага дома. Аўстрыйская газэта нагадвае, што Літвіненка, знаходзячыся ў шпіталі, заявіў перад сьмерцю, што яго забілі паводле загаду Пуціна.

Наш камэнтар: Пайшоў чацьверты месяц пасьля забойства А. Літвіненкі, а на Захадзе працягваецца ўсхваляванае абмеркаваньне злачынства Крамля-Лубянкі. У сьвеце інфармацыі гэта — беспрыцыдэнтны выпадак. Заходняе грамадзтва ўражана да глыбіні душы. Мільёны людзей зрабілі для сябе прызнаньне ў стылі прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана. Пасьля высадкі савекага дэсанту ў Кабуле на прыканцы 1979 г., калі распачалася Аўганская вайна і была правалена заходняя палітыка “разрадкі”, Рэйган сказаў: “За адзін дзень я даведаўся пра СССР больш, чым за ўсё жыцьцё...”

Што ж пара, даўно пара заходнікам пазбаўляцца ад ілюзіяў наконт Масквы і яе “дэмакратыі”. Лубянскія забойцы і іхная сэрвільная агентура (кшталту Продзі) атабарыліся на тэрыторыі заходніх краінаў ды пачалі забіваць людзей і арганізоўваць атамную вайну ў цэнтры заходніх сталіцаў. Дарэчы будзе ўспомніць пра спробу лубянскай агентуры перавесьці ўвагу брытанскага і міжнароднага грамадтва з забойства Літвіненкі на сэрыйныя забойствы жанчынаў на поўдні Англіі. На старонцы pbpf.org мы выказалі меркаваньне, што ангельская паліцыя ніколі ня зловіць жывым гэтага новага “Джэка-Мясьніка”. Так яно й аказалася на самой справе. Спачатку паліцыя арыштавала 50 падозраных асобаў (усіх мясцовых збачэнцаў і вычварэнцаў), потым праводзіла допыты толькі двух зь іх, потым застаўся толькі адзін (газэты ўсяго сьвету актыўна друкавалі ягоныя здымкі). А потым ўсе зьвесткі пра сьледства зьніклі з паведамленьняў СМІ. “Джэка” так і не злавілі, але і лубянская спроба “дымавой заслоны” ня мела трывалага посьпеху.

Усхваляваліся й немцы. Яны знайшлі атамныя лубянскія кватэры ў сваім Гамбургу, дзе атабарыліся “русскіе бізнесмены” з ФСБ (менавіта туды вялі сьляды палёнія-210). Многія немцы не сумняваюцца цяпер, што былы начальнік Штазі ГДР Маркус Вольф памёр летась не сваёй сьмерцю. Дзядуля любіў хадзіць у берлінскую амбасаду РФ, піў там гарбату і ўспамінаў былое. А ўспомніць яму ёсьць аб чым. Малады опэр КГБ СССР Уладзімір Пуцін чатыры гады працаваў пад ягонай юрысдыкцыяй у Дрэздэне ў 1980-х гадах. Надта шмат (недапушчальна шмат) ведаў Міша Вольф (як яго любоўна называлі ў Маскве) пра цяперашняга крамлёўскага начальніка і ягоныя агентурныя справы. Не выпадкова журналісты падчас нядаўняга саміту ў Сочы зрабілі цікавыя назіраньні. Усе адзначылі дзіўныя паводзіны канцлера Мэркэль. Яна не дакранулася да гарбаты, якую паставілі перад ёю і Пуціным на сутрэчы з журналістамі (і слушна зрабіла!). Палітдама выглядала разгубленай і ўстрывожанай. А калі да яе падыходзіў чорны пуцінскі сабака, то напалохана падціскала ногі і ўся камянела ад страху. “Не бойтесь, Ангела, он не кусается...” — лагодна супакойваў яе крамлёўскі гаспадар, не хаваючы нафта-газавага сарказму. І гэтыя разам спрабуюць сьцерці Беларусь з мапы Эўропы!

Юрка Марозаў