“ПІЛУЙЦЕ, ШУРА, ПІЛУЙЦЕ...”

22 студзеня 2007 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляе зь Вільні. Тамака актывізаваліся некаторыя геральдысты і гісторыкі. Гісторык Вітэніс Андрукайціс публічна патрабуе “вярнуцца да гістарычнага летувіскага сьцяга”. Замест цяперашняга дзяржаўнага жоўта-зялёна-чырвонага сьцяга Летувіскай Рэспублікі, Андрукайціс прапануе ўзаконіць сьцяг — чырвонае палотнішча са срэбным рыцарам. Гэтае пытаньне ўжо разглядалася летувіскімі адраджэнцамі ў 1918 годзе, калі краіна набыла незалежнасьць. Але тады прынялі ў якасьці дзяржаўнага новаствораны мастакамі трыкалёр, які ўзаконены канстытуцыяй Летувы і ў 1991 годзе.

Наш камэнтар: Яшчэ ў 19-м стагоддзі жмудзінскія дзеячы пасаромеліся прысабечыць беларускі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, Сьцяг Літвы. Аднак, яны не пасаромеліся забраць Гэрб Пагоню, а разам з гістарычнай назвай Беларусі-Літвы прыхапілі ўсю гістарычную і культурную спадчыну беларускага народу. Цяпер вось дайшла чарга да чырвонага сьцяга ВКЛ зь белым рыцарам Пагоні. Ну, ужо гэты Сымвал заўсёды належаў выключна Беларусі. Пра яго ўпершыню згадвае польскі гісторык Ян Длугаш. Дарэчы згадаць, што шматгадовыя намаганьні летувіскіх архэёлягаў, якія спрабавалі і спрабуюць знайсьці на тэрыторыі Вільні хаця б які помнік з надпісам “па-летувіску”, аказваюцца марнымі. Дагэтуль не знайшлі аніводнага чарапка. Усе старыя помнікі старажытнай беларускай Вільні маюць надпісы на беларускай мове. Намаганьні псэўдагісторыкаў, як у тых герояў Ільфа-Пятрова, што ўвіхаюцца каля гіраў: “Пилите, Шура, пилите...”

Валеры Буйвал