БУДЗЕ АДНОЎЛЕНА ГІСТАРЫЧНАЯ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ
19 студзеня 2007 г. Ангельская газэта “Independent” паведамляе пра мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Парыжы. Прэзыдэнт Шырак адкрыў у французкай сталіцы шыльду з імёнамі жыхароў французкай вёскі Шамбон-сюр-Ліньён, якія падчас нямецкай акупацыі выратавалі ў сваіх дамах тры тысячы габрэяў. Прэзыдэнт гаварыў пра гераізм і чалавечую салідарнасьць. Газэта нагадвае таксама, што пра подзьвіг жыхароў вёскі Францыя даведалася толькі ў 1974 годзе, і толькі цяпер подзьвіг адзначаны помнікам у сталіцы (у самой вёсцы памятны знак усталяваны даўно).
Наш камэнтар: Многія беларускія семьі, рызыкуючы жыцьцём, ратавалі падчас фашыстоўскай акупацыі сваіх габрэйскіх суайчыньнікаў. Паводле ізраільскіх гісторыкаў, у Беларусі жылі і жывуць цяпер многія “праведнікі” (так у Ізраіле называюць тых, хто выратаваў хаця б аднаго габрэя), і іхная колькасьць большая, чым у іншых краінах Эўропы. На жаль, пра гэта ня ведае большая частка нашага грамадзтва. Гэтым людзям і справе чалавечай салідарнасьці няма помніка ў нашай краіне. Пра беларускіх праведнікаў памятаюць выратаваныя габрэі, іхныя нашчадкі, ерузалімскі Інстытут Галакоста “Яд ва Шэн” і амбасада Дзяржавы Ізраіль у Менску. Для цяпершняга рэжыму “всё это неважно”. Рэжым баіцца чалавечай салідарнасьці. У вызваленай Беларусі будзе адноўлена гістарычная справядлівасьць і ўвекавечана памяць аб подзьвігу людзей.
Валеры Буйвал