ВЕК ЖЫВІ — ВЕК ВУЧЫСЯ

18 студзеня 2007 г. Дацкая газэта “Information” публікуе артыкул пад тытулам “Расчараваньне ЗША ва Узбэкістане”. Цытуем: “Паводле апошняй амэрыканскай справаздачы, грошы на дэмакратыю змарнаваныя, антытэрарыстычныя сілы, якія трэніравалі амэрыканцы, змагаюцца не з тэрарыстамі, а супраць апазыцыі”. Маецца на ўвазе рашэньне, прынятае кіраўніцтвам ЗША пасьля 11 верасьня 2001 г., аказаць антытэрарыстычную дапамогу шэрагу краінаў.

Наш камэнтар: Атрымаў гэтую дапамогу і недэмакратычны рэжым Карымава ва Узбэкістане. Цяпер вось усе ўбачылі, як ён гэтай дапамогай пакарыстаўся. Памятаем, як у траўні 2005 г. Масква арганізавала бунт ва Узбэкістане. Сваімі сродкамі Крэмль-Лубянка паказалі Карымаву, на чыім валаску трымаецца ягоная ўлада ў пастсавецкай краіне. Карымаў загадаў расстраляць некалькі сотняў мірных жыхароў у Андзіжане і хуценька перамяніў арыентацыю пад дэвізам “вяртаньня бадзяжнага сына”. Масква прыняла яго назад у свае васалы, Пуцін прымаў Карымава ў Крамлі, выпускаў перад ім свайго чорнага сабаку, але размаўляў лагодна, “по-отеческі”. Пасьля вяртаньня з Масквы Карымаў пачаў імпэтна выштурхоўваць амэрыканскія вайсковыя базы з тэрыторыі сваёй краіны (яны прыносілі казьне вялікія прыбыткі) і разгарнуў шалёную антыамэрыканскую прапаганду. У сувязі з гэтым успамінаюцца шматлікія візыты ў ЗША і дэмакратычная рыторыка вінцучкоў-лебедько і шэрагу іншых псэўдаапазыцыянэраў з Беларусі. Іх доўга ўважліва слухалі і верылі іхным “маршам за лучшую жізнь” ды іншым прыкладам “барацьбы за дэмакратыю”. Дапамагалі таксама шэрагу ворганаў “незалежнай дэмакратычнай прэсы” у Беларусі. Але з часам высьветлілася, што “дэмпрэса” актыўна піша пра “амэрыканскую акупацыю Іраку”, а вінцучкі-лебедько-мілінкевічы ўсё часьцей ў адкрытую заяўляюць пра сябе як пра “прарасейскіх палітыкаў”.

Юрка Марозаў