ЭТНІЧНЫЯ ПАДЫХОДЫ Ў РАСЕІ
19 студзеня 2007 г. Французкая газэта “Le Monde” паведамляе з Расеі. Парыжскі журналіст пайшоў па маскоўскіх рынках. Рынкі пустыя, шапікі і павільёны зачыненыя, прадаўцоў няма. Гэта ёсьць рэакцыя на новы закон аб імігрантах, які пачаў дзейнічаць з 15 студзеня сёлета. Паводле закону, на рынках могуць працаваць ня больш за 40% гандляроў з нерасейскім грамадзянствам, а да 1.01.2008 яны павінны зьнікнуць наагул (??). Журналіст, аднак, сустрэў адну “нэгацыянтку” на маскоўскім рынку, спытаўся ў яе, што яна думае пра абавязкавую рэгістрацыю і будучыню свайго гандлю. Беларуска Вольга адказала яму, што чакае літасьці ад іміграцыйных службаў Расеі, бо зьяўляецца “прадстаўніком славянскага братэрскага народу”. Калі кантралёры з гэтых службаў прышлі на рынкі пасьля прыняцьця новага закону, то яны былі ўражаны суцэльнай пустэчай і спыненьнем гандлю. Аднак нам. начальніка гэтых службаў В. Паставін выказваецца аптымістычна: “Чужынцы пакідаюць рынкі, і іхныя месцы зоймуць расейцы”. Журналіст паразмаўляў таксама з азэрбайджанцамі, якія зьбіраюць свой тавар і маюць намер вярнуцца на радзіму. Яны сказалі яму, што баяцца за свой тавар і сваю бясьпеку, таму вымушаныя адмовіцца ад прыбыткаў, якія мелі ў Расеі.
Яшчэ летась Пуцін пачаў прапагандысцка-ідэялягічную падрыхтоўку кампаніі, публічна паабяцаў “абараніць рускіх людей ад спэкулянтаў, што набіваюць свае кішэні”. Прагучалі таксама афіцыйныя пляны вярнуць у Расею з пастсавецкага замежжа 300 тысячаў расейцаў, якія б занялі месца чужынцаў у гандлі і на будоўлях. Журналіст выказвае скэпсіс з гэтай нагоды, нагадваючы, што паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія 20 гадоў у Расеі вымерлі 18 мільёнаў чалавек.
Наш камэнтар: Бедная беларуска, яна (адзіная) зноў чакае літасьці ад Масквы... Французкі рэпарцёр праўдзіва распавядае пра прычыны крызісу і рэакцыю многіх тысячаў людзей з розных краінаў, якія губляюць працу ў выніку брутальнага расейскага закону. Але чаму ж ён ня згадвае пра мільёны расейцаў, якія ў выніку таго ж закону застаюцца з пустымі рынкамі, без тавараў, без паслугаў? Чаму менавіта каўказцы, беларусы, украінцы, таджыкі прывозяць карысныя тавары, гандлююць усім неабходным на рынках, працуюць на будоўлях? Дзе мільёны рускіх людей? Чаму не спытаўся пра гэта парыжскі аналітык? Ён можа сур'ёзна ўпэўнены разам са сталаначальнікам Паставіным, што “іхнае месца зоймуць расейцы”? Чаму ж яны дагэтуль не занялі гэтыя месцы? Няхай бы парыжанін паглядзеў расейскія тэлеканалы, дзе ў Хабараўску, Чыце і іншых месцах русскія люді хапаюцца за галаву ў адчаі і гукаюць: “Што ж мы цяпер будзем рабіць без кітайцаў і іншых?!” Нават прадстаўнікі мясцовых уладаў кажуць шчыра, што гэтая зачыстка чужынцаў прывядзе (і ўжо прывяла) да рэзкага падвышэньня цэнаў на харчы, вопратку, абутак і іншыя тавары, якія расейцы набывалі на рынках. Трэба б успомніць французу, як Людовік XIV загадаў выслаць з Францыі ўсіх пратэстантаў-гугенотаў (самую працавітую частку грамадзтва) і гэта прывяло да глыбокага гаспадарчага крызісу ў краіне. Гішпанскія манархі выслалі з краіны ўсіх габрэяў і мусульман на прыканцы 15-га стагоддзя. У выніку эканамічны правал не спыніла нават золата з адкрытай Калумбам Амэрыкі. Штучная ізаляцыя ад сьвету і недапушчэньне на сваю тэрыторыю замежнікаў на працягу некалькіх стагоддзяў прывяла высокаразьвітую Японію ў стан маразму і адсталасьці. Што да “русскіх соотечественніков” на постсавецкай прасторы, то падлічыць іх можна. А вось вярнуць у Расею ня ўдасца нават пад канвоем і з барабанным боем. Яны добра разумеюць розьніцу паміж Гомляй, Талінам, Кіевам і Разаньню, Варонежам ды Мурманскам. Такія нюансы французу, сапраўды, не зразумець. Лепш бы ён паспачуваў Расеі, якая вымірае.
Валеры Буйвал