АКУПАЦЫЙНАЕ МІНУЛАЕ Ў ПРЫБАЛТЫЦЫ

19 студзеня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра чарговую расейскую вайну супраць суседзяў, гэтым разам вайну манумэнтаў супраць Эстоніі. Невядомыя зьдзейсьнілі напад на будынак кансуляту Эстоніі ў Санкт-Пецярбурзе. Кінулі ў яго бутэльку з чорнай фарбай і раскідалі вакол антыэстонскія ўлёткі. У Дзярждуме пагражаюць Эстоніі эканамічнымі і палітычнымі санкцыямі. Амбасадара Эстоніі выклікалі ў расейскі МЗС і пагражалі наступствамі. Чарговая агрэсіўная кампанія зьвязана з нядаўнім прыняцьцем парлямантам Эстоніі новага закону “Аб ахове пахаваньняў і помнікаў”. Новы закон дае права ўладам зносіць помнікі пэрыяду расейскай акупацыі і панаваньня камуністычнай ідэялёгіі. Першым будзе зьнесены бронзавы “воін-освободітель” у цэнтры Таліна. Расейскія пагрозы спакойна камэнтуе прэм'ер Эстоніі Андрус Ансіп: “Мы самы вырашым, якім павінна быць жыцьцё ў нашай краіне. Вайсковыя магілы трэба шанаваць. Але нельга гаварыць аб шанаваньні, калі на магілах пьюць гарэлку, ходзяць і чакаюць тралейбус”.

Наш камэнтар: Беларусы яшчэ за савецкім часам чулі ад прыбалтаў ёмістую сэнтэнцыю на тэму “русскіх освободітелей”: “Месяцы расейскай акупацыі ў 1940 годзе вылячылі латышоў і эстонцаў ад 700-гадовай нянавісьці да немцаў” (прыбалтыйскімі землямі з 12-га па 18-е стагоддзе валодалі нямецкія крыжакі). А потым была яшчэ 47-гадовая расейска-савецкая акупацыя, тэрор НКВД-КГБ, зьнішчэньне элітаў грамадзтва, 10% насельніцтва было выслана ў ГУЛАГ або расстраляна. Была зьнішчальная русіфікацыя, засяленьне балтыйскіх земляў асаднікамі, дзейснымі і адстаўнымі афіцэрамі савецкай арміі і спэцслужбаў, ізаляцыя ад цывілізаванага сьвету. Маскоўска-гэбоўскія акупанты былі ў Эстоніі значна даўжэй і забілі значна больш людзей, чым нямецка-фашыстоўскія. Бронзавыя ўніформы і зоркі для эстонцаў азначаюць зьдзек з памяці аб ахвярах народу і сымвал працягу расейскай акупацыі. Жаўнерскія магілы культурны народ не зьбіраецца бурыць (хаця ў гэтым намагаюцца пераканаць сьвет маскоўскія крыкуны). А вось па прасторах Расеі дагэтуль валяюцца сотні тысячаў непахаваных парэшткаў забітых жаўнераў сусьветнай вайны і ахвяраў ГУЛАГУ, банальнасьцю ёсьць факты вандалізму на пахаваньнях. А самае галоўнае, у поўны рост уздымаецца лубянскі фашызм (новая дзяржаўная ідэялёгія).

Юрка Марозаў