ЗМРОЧНЫ ЦЫРК

Гэбэ прызямлілася на полюсе. 13 студзеня расейскія тэлеканалы зноў круцілі рэклямны ролік пра посьпехі лубянскай канторы. Паводле сцэнару, сумесная дэлегацыя Дзярждумы і ФСБ прыляцела на самалётах у Аргентыну, а адтуль “на верталётах ФСБ прыбыла ў Антарктыду, непасрэдна на Паўднёвы полюс”. Камандваў апэрацыяй начальнік ФСБ Патрушаў. Ён шмат усьміхаўся, дэманстраваў “человеческое ліцо і спортівные достіженія” сваёй канторы і “был весел”. Такія выбрыкі знаёмыя найстарэйшаму пакаленьню беларусаў і іншых постсавецкіх людзей, якія памятаюць жахі калектывізацыі і 1937 года. Дамінаваньне рамантычнага вобразу чэкіста ў публічным жыцьці і інфармацыйнай прасторы ў часы Ягоды-Яжова-Бэрыі было нормай, такім чынам Крэмль-Лубянка натхнялі савецкі народ на канцлягерны працоўны подзьвіг і зьнішчэньне “ворагаў народу”. Цяперашняе стварэньне цукеркі з таталітарнай спэцслужбы, якая захапіла ўладу ў калясальнай імпэрыі, павінна напаўняць трывогай душы людзей і народаў.

Валеры Буйвал