ПАЧВАРНАСЬЦЬ

Газавая вайна Расеі супраць Беларусі не замінае шклоўскай “эстэтыцы” тлуміць беларускую галаву расейскай маскультурай. Па афіцыйнаму радыё у чарговы раз распавядалі пра лісты Якуба Коласа, напісаныя ім на расейскай мове. Радыёгаласы сьлёзна радваліся, што “Колас умеў па-руску”, выстаўлялі гэтыя музэйныя знаходкі як праяву “русскости”. Ня будзем зьдзіўляцца, калі ў недалёкай будучыні істінно русскіе рупліўцы ад прапаганды пачнуць расказваць “о русском литераторе Иакове Колосове, который проживал в Белоруссии”.

А па афіцыйнаму БТ 10 студзеня паказалі музычны істінно русскій сюжэт з Мазыра. На сцэну выйшаў мясцовы дзіцячы ансамбль “песні і пляскі” “Зязюлечка”. На дзецях былі расейскія фальклёрныя строі і сьпявалі яны таксама не беларускую песьню А сьпявалі 12-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі вось што: “А я к милому пришла, я под милого легла, с ним всю ночку провела...” Рэпэртуар, безумоўна, невыпадковы. Маскоўскай гнюснасьцю акупанты ўжо абалванілі значную частку беларускай моладзі. Цяпер пад дэвізам “обогашченія велікой русской культурой” пачвары ўзяліся за беларускіх дзяцей.

Валеры Буйвал