У ВЕНЕ АБ'ЯВІЎСЯ АПАЗЫЦЫЯНЕР БЕЛАРУСІ І ПРЫХІЛЬНІК МАСКВЫ

9 студзеня 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” пісала пра газавую вайну Расеі супраць Беларусі. Паведамляла, што “Лукашэнка загнаны ў кут”. Даволі адэкватна вызначыла палітычныя прычыны нібыта сыравіннага канфлікту: “Пытаньне аб'яднаньня дзвюх дзяржаваў (Беларусі і Расеі) становіцца актуальным, калі Пуцін хоча пайсьці на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Манэўрам з Саюзам ён мог бы дамагчыся гэтага, не парушаючы канстытуцыю”. Далей газэта спасылаецца на М. Марыніча, які якраз знаходзіцца ў Аўстрыі. Запрасіў Марыніча аўстрыйскі Інстытут Дунайскага рэгіёну і Цэнтральнай Эўропы ў рамках дасьледчай праграмы, якую вядуць супрацоўнікі Інстытута Ганс-Георг Хайнрых і Людзьміла Лубава.

Венская газэта распавядае пра “гераічны шлях” Марыніча. Як ён быў міністрам па зьнешнегаспадарчых сувязях у Лукашэнкі, потым стаў апазыцыянэрам і вязьням рэжыму, як яго выпусьцілі датэрмінова. Газэта цытуе разважаньні Марыніча, зь якіх становіцца зразумелым хто і навошта запрасіў яго ў Аўстрыю. Марыніч выказавае падтрымку дзеяньням Расеі супраць Беларусі, якая — цытуем: “села на наркотык таннай энэргіі”. Далей “герой-апазыцыянэр” спасылаецца на кіраўніка апазыцыі Мілінкевіча. Кажа, што “прэмія імя Сахарава, уручаная Мілінкевічу, азначае падтрымку ўсяе апазыцыі”. Далей Марыніч даволі падрабязна і шчыра расказвае, што ж гэта за апазыцыя такая. Цытуем: “Антырускія атакі не прынясуць карысьці, бо насельніцтва Беларусі масава настроена па-прарасейску. Таму ў апазыцыі ёсьць адзіны шанец, калі яна выступае за супрацоўніцтва з Расеяй. Беларусь мае вялікі патэнцыял гатовых да рэформаў палітыкаў, якія ня будуць праводзіць антырасейскую палітыку. Пры гэтай умове і Масква таксама, нягледзячы на свой аўтарытарны курс, будзе падтрымліваць дэмакратычную зьмену ў суседзяў”.

Наш камэнтар: Ну як вам гэты “апазыцыянэр”? Мы бачым чарговую ілюстрацыю з апошняга артыкула Зянона Пазьняка пад тытулам “У чым сутнасьць нафта-газавай вайны паміж рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі” (апублікавана на старонцы pbpf.org). Гэта пра такіх напісаў сп. Пазьняк: “Але шмат ёсьць розных “эканамістаў”, “юрыстаў” ды “журналістаў”, якія камэнтуюць канфлікт, паддакваючы цяпер нашым непрыяцелям расейцам, часам з жаданьня “насаліць” Лукашэнку. З гісторыі, аднак, вядома, што той, хто выступаў за “за поражение своего правительства (краіны) в войне”, гаварыў гэта за вялікія нямецкія грошы. Аналёгія вельмі празрыстая датычна некаторых лукашэнкаўскіх “апазыцыянэраў”, аматараў езьдзіць у Маскву ды Брусэль”. Ды ў Вену — дадамо мы. Запрасілі Марыніча ў Вену “навуковыя супрацоўнікі”: яшчэ адзін Ганс-Георг (тут успамінаецца незабыўны “беларусазнаўца” Г.-Г. Вік) і товарищ Людмила Лубова. Немцы вядуць інстытуцкую праграму “па дэмакратызацыі Беларусі праз прарасейскіх палітыкаў” разам з маскоўскімі таварышамі. І вось з гэтай публікай “совешчался о перспектівах белорусской демократіі” герой прарасейскай апазыцыі М. Марыніч. Можа гэта ён “сам па сабе”? Не, Марыніч спасылаецца на аўтарытэт Мілінкевіча і “аб'яднанай апазыцыі”.

Чаму ж радыё Свабода не паведаміла нам пра гэты апазыцыйна-прарасейскі візыт Марыніча? Чаму інфармацыю пра сапраўдны зьмест перамоваў гэтых “апазыцыянэраў” мы павінны шукаць у заходніх газэтах? А таму, што дзеяньні гэтых прарасейскіх “апазыцыянэраў” зьяўляюцца клясічным прыкладам нацыянальна-дзяржаўнай здрады.

Валеры Буйвал