ПРА СКАНДАЛ У ПОЛЬСКІМ КАСЬЦЁЛЕ

8 студзеня 2007 г газэты паведамлялі з Варшавы, што скандалам скончылася спроба прызначэньня новым арцыбіскупам Варшаўскім С. Велтуса. Ватыкану стала вядома, што польскі каталіцкі герарх у часы камуністычнага рэжыму супрацоўнічаў з прамаскоўскімі спэцслужбамі рэжыму. Аналітыкі лічаць, што менавіта Папа Бэнэдыкт XVI прымусіў С. Велтуса адмовіцца ад прызначэньня на арцыбіскупства. У польскім грамадзтве адбываецца напружаная дыскусія на тэму сувязяў асобаў публічнага жыцьця з гэбэ. Многія прыгадваюць адкрыты ліст польскіх каталіцкіх біскупаў, якія колькі гадоў таму заклікалі да маральнага ачышчэньня польскага грамадзтва ад цяжару мінуўшчыны. Біскупы сярод іншага пісалі аб недапушчэньні да рэлігійнага служэньня асобаў, што раней служылі антыпольскім, антынародным уладам.

Наш камэнтар: Адкрыцьцё праўды стала ўдарам для многіх палякаў. Адбываецца гарачая дыскусія і нават сутыкненьні паміж прадстаўнікамі розных пунктаў погляду на праблему. Але гэтыя падзеі сьведчаць якраз пра здольнасьць Касьцёла і грамадзтва да супраціву злачыннай мінуўшчыне, пра здольнасьць да самаачышчэньня ад акупанцкай маскоўскай спадчыны. Каб зразумець гэта, дастаткова параўнаць гэтыя падзеі са “статус кво” у нашай Беларусі. Дастаткова заявіць, што абсалютная большасьць служыцеляў РПЦ у РБ зьяўляюцца прафэсійнымі камуністамі, афіцэрамі і супрацоўнікамі КГБ-ФСБ, што спэцслужбы апанталі і выкарыстоўваюць гэтую “царкву” як надзейную прыладу русіфікацыі нашага народу і ўсталяваньня маскоўскай імпэрыі на нашай зямлі. У адказ вам заявяць. не міргнуўшы вокам: “Ну і что?” І ня будзе ніякога скандала. Бо ўсё гэта зьяўляецца якраз працягам старадаўняй палітыкi маскоўскіх акупантаў і прысьцёбнутай да іх РПЦ. “Государственная церковь” працягвае ў Беларусі сваю антыбеларускую і богапраціўную справу. Але вечна так ня будзе.

Юрка Марозаў