ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ: “З БАЛТА-ЧАРНАМОРСКІМ КАЛЕКТАРАМ МЫ НЯ МЕЛІ Б СУР'ЁЗНЫХ ПРАБЛЕМ У ЭНЭРГЕТЫЦЫ”
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, намесьнік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі нагадаў пра варыянт вырашэньня энэргетычнага канфлікту з Расеяй — стварэньне Балта-Чарнаморскага нафтагазавага калектару. Яшчэ напачатку 90-х гадоў гэтае пытаньне было пастаўлена парлямэнцкай апазыцыяй БНФ. Беленькі: “Канечне, энэргетычная бясьпека была адным з тых накірункаў, якія лічыліся прыярытэтнымі ў нашай дзейнасьці. І я хачу нагадаць тагачаснае папярэджаньне Зянона Пазьняка, што рана ці позна вось гэтая залежнасьць будзе выкарыстана супраць нас, калі ня будуць зроблены прэвэнтыўныя захады, каб яе пазьбегнуць.
Балта-Чарнаморскі калектар — тое быў праект тэхнічнага вырашэньня праблемы. Але прапаноўвалася й палітычная канцэпцыя — стварэньне судружнасьці дзяржаў, блізкіх эканамічным патэнцыялам, мэнталітэтам і гісторыяй, гатовых бараніць свае інтарэсы. Рабіць усё гэта супольна было б намнога лягчэй. Вельмі добрая была ідэя. Калі прыйшоў да ўлады Лукашэнка, дык зрабіў так, як сам ён і сказаў: Расеі перадалі ўсё, што яна прасіла. І цяпер вось гэты інструмэнтар выкарыстоўваецца найперш супраць Беларусі. Але ўскосна тое дзейнічае й супраць Лукашэнкі, які цудоўна разумее: забраўшы Беларусь, спэцслужбы ня будуць доўга цырымоніцца й зь ім...
Цяпер варта і трэба ўзнавіць і ўзьняць тыя матэрыялы. Тэхнічная рэалізацыя праекту Балта-Чарнаморскага калектару дастаткова простая. Галоўнае, каб была палітычная воля для яго рэалізацыі.
Праблема на шляху рэалізацыі гэтага праекту паўстала толькі адна: да ўлады ў Беларусі прыйшоў прарасейскі рэжым і, адпаведна, памянёныя пляны стаў разбураць — не тое каб рэалізоўваць. Канечне, калі б тады ўладу здабылі беларускія сілы, Балта-Чарнаморскі праект быў бы даўно зрэалізаваны і мы ня мелі б такіх сур'ёзных праблем, якія маем у галіне энэргетыкі сёньня”.
Радыё “Свабода”