ЁСЦЬ СІЛА, ЗДОЛЬНАЯ АБЕРАГЧЫ БЕЛАРУСЬ АД ПАГЛЫНАННЯ РАСІЯЙ. ІМЯ ЁЙ — БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Алесь РАШЧЫНСКI, кампазiтар

“Нацыяналiзм быў неабходнай умовай узнiкнення дэмакратыi”. Ф. Фукуяма

Мiнулае не спяшаецца сыходзiць

Неяк, калi яшчэ прэзiдэнтам Украiны быў Кучма, пры сустрэчы з iм i А. Лукашэнкам расiйскi прэзiдэнт У. Пуцiн параiў суразмоўцам “бояться великодержавного шовинизма, национализма и глупости”. Падумалася: ну, вялiкадзяржаўнага шавiнiзму ён сам не баiцца, а чаму ж так хвалюецца за нацыяналiзм?

Тое, што прыйшоўшыя ў Расii да ўлады прадстаўнiкi спецслужб выцiснулi з палiтычнага поля былых “соратников” у справе пабудовы “светлого будущего” — камунiстаў i адправiлi iх у маргiналы, зусiм не азначае, што яны парвалi з iх iдэалогiяй i практыкай. Палiтыка сённяшняй Масквы — працяг савецкай, камунiстычнай, а значыць, вялiкадзяржаўнай, iмперскай, антынацыянальнай палiтыкi, накiраванай на “расцвет, сближение и окончательное слияние” ў “iнтэрнацыянальным” экстазе народаў Расii i Беларусi ў рускамоўны гiбрыд.

Што гэта за “расцвет” па-савецку, мы добра ведаем: рэпрэсii супраць нацыянальных моў i культур народаў СССР дзеля стварэння савецкай рускамоўнай “культуры” — адной на ўсе 190 нацый, народаў i народнасцяў вялiзнай дзяржавы — пад знакам барацьбы з “буржуазным национализмом”. Цяпер слова “буржуазны” з “нацыяналiстычнага” кантэксту выкiнута, але “нацыяналiзм” застаўся жупелам у барацьбе з iншадумствам, апраўданнем працягу ранейшай палiтыкi камунiстычнага рэжыму. Так што мiнулае не спяшаецца сыходзiць...

У дэнацыяналiзацыi народаў СССР якраз i заключалася “национальная политика” Масквы. У вынiку разбурэння традыцыйнай культуры i народнай маралi (“борьба с пережитками прошлого”) таталiтарнай сiстэмай выведзены асаблiвы тып чалавека. А. Аўтарханаў у сваёй працы “Империя Кремля” дае далёка не поўны пералiк гэтых спецыфiчных “советских черт”: “абсолютная апатия к духовным исканиям, атрофия истинного гражданского чувства и гражданского достоинства, паническая приверженность страху перед начальством, обожествление собственных палачей как великих мудрецов и осуждение их жертв как извергов рода человеческого... Эти черты до того вошли в кровь и плоть многих, став привычными жизненными ориентирами, что они и породили массовую психологию безмолвных рабов”. I далей: “Многомиллионная армия сексотов — это тоже “советский народ”.

Вядомы ў не такiм ужо далёкiм мiнулым дарадца амерыканскiх прэзiдэнтаў па пытаннях знешняй палiтыкi Зб. Бжэзiнскi ў сваёй кнiзе “Большой провал. Агония коммунизма”, напiсанай яшчэ да распаду СССР як прадказванне гэтага распаду, пiсаў: “Провал коммунизма — это интеллектуальный провал... Он (коммунизм. — А.Р.) недооценил роль этноса и национализма”.

Давайце танцаваць ад печкi...

Гэта значыць, ад самiх класiкаў марксiзму, паглядзiм, у чым жа тая недаацэнка. Першым, падобна, памылку зрабiў сам К. Маркс, стварыўшы тэорыю “классовой борьбы” памiж двума “антагонистами” — пралетарыятам i буржуазiяй i гэтым самым штучна, раскалоўшы кожную нацыю на “два великих классовых лагеря”. Насамрэч, як паказвае ход гiсторыi, буржуазiя (яна ў К. Маркса, а затым i У. Ленiна заўсёды “националистическая”) i пралетарыят (ён у iх заўсёды “интернациональный”) з'яўляюцца прадстаўнiкамi адной нацыi i не маюць нацыянальнага антаганiзму. Гэты ненавiсны марксiстам “национализм” (па-сутнасцi — патрыятызм, нацыянальная свядомасць) уласцiвы ў аднолькавай ступенi як “буржуазii”, так i “пралетарыяту”. Iх аб'ядноўвае больш, чым раз'ядноўвае, i iмя гэтаму “аб'яднанню” — нацыя. Менавiта нацыяналiзм (нацыянальная iдэя) злучыў i пралетарыят, i буржуазiю ў адну нацыю.

Цiкава. што адзiны марксiст, якi даў, лiчу, вычарпальнае азначэнне нацыi, быў... I. Сталiн. Дарэвалюцыйны. Праўда, калi ён стаў поўнаўладным дыктатарам, тое тэарэтычнае азначэнне зусiм не зашкодзiла яму знiшчыць 66 мiльёнаў нi ў чым не павiнных суграмадзян, у тым лiку i “буржуазных националистов” — грузiнскiх “меньшевиков”, армянскiх “дашнаков”, азербайджанскiх “мусаватистов”, башкирских “басмачей”, украiнскiх “сепаратистов” i “боротьбистов”, беларускiх “нацдемов”, яўрэйскiх “сионистов”, чэчэнскiх “чермоевцев”, туркестанскiх “пантюркистов”, татарскiх “панисламистов” i г.д. Усё гэта было пасля 1917 г., а ў 1912–1913 гг. будучы “вялiкi правадыр” думаў iнакш: “Нация есть исторически сложившаяся устойчивая общность людей, возникшая на базе общности языка, территории, экономической жизни и психического склада, проявляющегося в общности культуры” (“Марксизм и национальный вопрос”).

Дазволю сабе працытаваць яшчэ некалькi надзвычай слушных думак з гэтай працы. Думак, якiя, нягледзячы на злавесную ролю Сталiна ў гiсторыi, нельга не падзялiць: “достаточно отсутствия хотя бы одного из этих признаков, чтобы нация перестала быть нацией”; “только наличие всех признаков, взятых вместе, дает нам нацию”; “нет нации, которая говорила бы сразу на разных языках” (гэта — да пытання аб iснаваннi ў Беларусi т.зв. “двуязычия”).

Згубiўшы сваю мову, народ губляе “психический склад”, “общность культуры”, у рэшце рэшт, эканомiку — “перестает быть нацией”. А значыць, губляе сваю тэрыторыю, аддаючы яе пад iншую мову. “Усяго толькi” — праз страту сваёй мовы! Пацвярджэннем таму з'яўляюцца хаця б падзеi ва Украiне, дзе Масква, iнспiраваўшы пытанне аб наданнi рускай мове статусу дзяржаўнай, iмкнецца раскалоць Украiну па моўнай прыкмеце, каб праз усходнюю, рускамоўную частку насельнiцтва ўплываць на палiтычныя працэсы ў гэтай краiне, а можа, з цягам часу, i далучыць яе да Расii. Праз рускую мову непрызнанай рэспублiкi Прыднястроўе Крэмль марыць прыбраць частку тэрыторыi Малдовы. “Усяго толькi” — праз рускую мову! Панаванне рускай мовы ў сучаснай Беларусi не дае магчымасцi беларускаму народу праводзiць незалежную ад Расii нацыянальную палiтыку (у палiтычнай, сацыяльнай i культурнай сферах). “Усяго толькi” — праз рускую мову!

... З прыведзенага вышэй вызначэння нацыi робiцца зразумелай неакамунiстычная палiтыка русiфiкацыi (“русские и белорусы — один народ...”) у Беларусi. Зразумелай выглядае i недальнабачная стратэгiя i тактыка “белорусской оппозиции”, якая накiравана не на захаванне незалежнасцi краiны i беларускай нацыi, а на марнае змаганне за ўладу з сённяшнiм рэжымам, за якiм стаiць Расiйская iмперыя.

Хацеў Iльiч “как лучше”...

Цiкава, што У. Ленiн спачатку хацеў iсцi па шляху добраахвотнай русiфiкацыi нярускiх народаў, у гвалтоўнай жа русiфiкацыi бачыў небяспеку “великорусского шовинизма”. У лiсце да Палiтбюро ён пiша: “Великорусскому шовинизму объявляю бой не на жизнь, а на смерть. Как только избавлюсь от проклятого зуба, съем его всеми здоровыми зубами”. З Рэзалюцыi XII з'езда РКП (б) “По национальному вопросу”: “Разговоры о преимуществах русской культуры и выдвижении положения о неизбежности победы более высокой русской культуры над культурами более отсталых народов (украинской, азербайджанской, узбекской, киргизской и пр.) являются не чем иным, как попыткой закрепить господство великорусской национальности. Поэтому решительная борьба с пережитками великорусского шовинизма является первоочередной задачей нашей партии”.

Ленiна ўжо даўно няма, а “великорусский шовинизм” — “живее всех живых”. I паўстае не толькi ў выглядзе “разговора о преимуществах русской культуры” и о “неизбежности победы более высокой русской культуры над культурами более отсталых народов” кшталту “Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык — бедный язык. В мире существует только два великих языка — русский и английский...” Или “Мы что, на белорусском языке будем изучать современную физику, математику, экономику? На белорусском языке трудно сформулировать понятия в естественных науках” (А. Лукашэнка), а i рэальнай палiтыкi русiфiкацыi Беларусi. Таму ўведзенае дзвюхмоўе ў нас, як i чакалася, на справе хутка было ператворана ў фактычнае аднамоўе — само сабою, на карысць мовы суседняй дзяржавы-iмперыi.

Для сённяшнiх паслядоўнiкаў бальшавiзму незразумела, што кожная мова мае сваю тэрыторыю, што ўсе мовы на Зямлi роўныя памiж сабой толькi тады, калi кожная з iх знаходзiцца на сваёй тэрыторыi. I што дзве мовы не могуць знаходзiцца на адной тэрыторыi (закон экалогii: два вiды ў роўных ўмовах не могуць iснаваць). Напрыклад, у Бельгii паўночная тэрыторыя мае фламандскую мову, паўднёвая — французскую. У Канадзе — англамоўная i франкамоўная тэрыторыi. I ў Бельгii, i ў Канадзе ўжо колькi год дзве рознамоўныя тэрыторыi ставяць пытанне аб аддзяленнi адна ад другой...

У вынiку ж далейшага панавання рускай мовы ў Беларусi наша краiна непазбежна стане часткай Расii: калi размываецца моўная мяжа, размываецца i мяжа тэрытарыяльная.

Зачынiўшы апошнюю беларускую школу, мы назаўтра прачнемся ў Расii i станем “русским народом”. Таму, каб захаваць нашу краiну i яе незалежнасць, беларусам трэба актыўна змагацца за вяртанне роднай мовы ў школы. Размовы аб дзвюх “родных” мовах — гэта працяг шавiнiстычнай хлуснi аб тым, што беларусы самi адмовiлiся ад мовы, бо яна нiбыта непрыгожая, патрэбная толькi беларускiм пiсьменнiкам. I што родную краiну можна любiць на чужой мове, родную культуру можна развiваць на чужой мове (i, як бачым, “развiваюць”, ствараючы, прыкладам, музычныя “шэдэўры” з услаўленнем “Белой Руси” па-руску, так што вушы вянуць, калi слухаеш Беларускае радыё).

Мiж тым культуры безнацыянальнай не бывае, яна заўсёды нацыянальная i мае каласальную патэнцыю для духоўнага, патрыятычнага выхавання. Безнацыянальным аказалася толькi “русско-белорусско-советское” бескультур'е (у прыватнасцi, расiйская i “белорусская” рускамоўная папса), ад якога мы не можам пазбавiцца. Бо на месца знiшчанай роднай мовы i культуры i павiнна было прыйсцi “гэтае” — нiкчэмнае, бездухоўнае, безаблiчнае. Яно грымiць i верашчыць, запаўняючы ўсю прастору i атупляючы, а не ўзвышаючы душу. Бо сапраўдная культура i па змесце, i па форме, i па духу — нацыянальная.

Цi трэба баяцца нацыяналiзму?

Савецкiя камунiсты, як i сённяшняя “белорусская оппозиция” абсалютна не разумелi, што палiтыка-эканамiчная незалежнасць краiны ляжыць у плоскасцi моўна-культурнай незалежнасцi. Нескароны нацыяналiзм народаў былога “сацлагера”, а таксама народаў былых рэспублiк СССР, паказаў i даказаў, што i палякi, i чэхi, i венгры, i румыны, i эстонцы, i латышы, i лiтоўцы, а цяпер i грузiны, i ўкраiнцы былi нацыямi, прыгнечанымi маскоўскай iмперскай палiтыкай. Ён дапамог iм пазбавiцца гэтага прыгнёту (праўда, барацьба грузiнскага i ўкраiнскага народаў яшчэ не скончылася, а ў Беларусi фактычна не пачыналася). Беларусы церпяць зараз трайны прыгнёт, як пры рускiм царызме i савецкiм камуна-чэкiзме: нацыянальны, палiтычны i сацыяльны. I вырашаць беларусам трэба перш за ўсё ключавую, нацыянальную праблему — вярнуць родную мову ў сферу адукацыi. Астатнiя праблемы — палiтычныя i сацыяльна-эканамiчныя — вырашыць яна, беларуская мова.

Нядаўна расiйскi палiтолаг Л. Радзiхоўскi ў тэлеперадачы “Особое мнение” сказаў лiтаральна наступнае (гаворка iшла пра наданне рускай мове аа Украiне статусу дзяржаўнай i iмкненне гэтай краiны ў НАТО): “Самая важная проблема для России — не цена на газ и не НАТО (эта проблема надуманна), а русский язык (выдз. мной. — Аўт.). Страны СНГ с русским языком — это одни страны, а страны СНГ без русского языка — это другие страны. Наша сила — в русском языке”. Здаецца, ясней не скажаш.

А цяпер паглядзiм, чым (у эканамiчным, сацыяльным, палiтычным плане) краiны з рускай мовай адрознiваюцца ад краiн без яе. I няхай пра гэта падумае “белорусская оппозиция”. Бо яна нiяк не можа зразумець, што моўнае пытанне — зусiм не лiнгвiстычнае, а палiтычнае. Што незалежнасць роднай мовы ад чужой i ёсць незалежнасць нацыянальная, палiтычная i эканамiчная. Без нацыяналiзму (а гэта, мы ўжо гаварылi, патрыятызм, нацыянальная свядомасць), якога так баiцца не толькi У. Пуцiн, нельга збудаваць Свой Дом i быць у iм гаспадаром. I гэта зусiм не ганебнае, а ганаровае слова: нацыяналiзм народаў — усвядомлены iнстынкт самазахавання. Дэнацыяналiзаваныя, духоўна збяднелыя “советские белорусы” страчваюць гэты iнстынкт.

... Л. Кучма ў свой час “не паслухаўся” У. Пуцiна i “праваронiў” нацыяналiзм украiнскага народа, дапусцiўшы “памаранчавую рэвалюцыю”. Цяпер У. Пуцiну засталося баяцца нацыяналiзму (патрыятызму) народаў Расii i Беларусi. Што ён i робiць. Як усе шавiнiсты, ён, натуральна, баiцца нацыяналiзму. Бо нацыяналiзм мацуе нацыю, а iмперскi неашавiнiзм падзяляе яе i разбурае (у аснове такой палiтыкi рымскае правiла — “падзяляй i пануй”). Агучаная Пуцiным нiбыта боязь вялiкадзяржаўнага шавiнiзму — усяго толькi фiгавы лiсток.

Крэмль як мага даўжэй хоча працягнуць камунiстычную палiтыку ў дачыненнi да Беларусi i Расii, падоўжыўшы час сваёй улады, не дапускаючы нацыяналiзму нi тут, нi там, заганяючы яго ўглыб, бо з нацыяналiзмам (патрыятызмам) i беларусы, i рускiя, i чэчэнцы, i татары, i башкiры, i г.д. стануць свабоднымi i пойдуць да дэмакратыi. Вось чаму цяперашнiя ўлады Расii i Беларусi, як i ў 30-я гады мiнулага стагоддзя, палохаюць свае народы “национализмом”.

...Прычынай краху камунiзму стаў ...сам камунiзм, бо яго вучэнне — шавiнiстычнае, антынацыянальнае, касмапалiтычнае (К. Маркс лiчыў сябе касмапалiтам). Як нi круцi, а барацьба нацыяналiзму супраць шавiнiзму ёсць патрыятычная барацьба. Усе паняволеныя народы праходзяць гэты этап. I гэта — аб'ектыўны закон гiсторыi.

Крэмль сёння (у каторы раз!) паўтарае памылку Маркса-Ленiна-Сталiна-Хрушчова-Брэжнева-Андропава (“недаацэнка ролi этнасу i нацыяналiзму”), якая i прывяла да знiкнення сацлагера i савецкай iмперыi.

На якой мове любiць Радзiму?

Адказ адзiн: на сваёй, роднай. Трэба баяцца любiць Радзiму на чужой мове. Баяцца, калi нацыянальная iдэя фармулюецца на чужой мове: суверэнiтэт краiны здаюць на чужой мове... Трэба баяцца таго, што падзяляе нацыю, i не трэба баяцца таго, што кансалiдуе яе. Трэба баяцца, што рускамоўныя беларусы могуць знiкнуць з твару Зямлi, i не трэба баяцца беларусу патрабаваць, згодна з Канстытуцыяй, беларускамоўнай адукацыi. Родная мова тысячагоддзямi служыць сваiм народам (а таму кожны народ павiнен служыць ёй), нiколi дрэннага iм не зрабiла, не робiць i не зробiць. Толькi — добрае.

Паглядзiце: краiны з роднымi мовамi, захаванымi традыцыямi амаль усе высокаразвiтыя, багатыя; краiны з чужымi мовамi (посткаланiяльныя народы Афрыкi, Лацiнскай Амерыкi i Беларусi) амаль усе бедныя i дыктатарскiя. Якiя яшчэ патрэбны аргументы на карысць роднай мовы?

Трэба баяцца русiфiкацыi ў Беларусi, якая вядзе да далейшай страты лепшых беларускiх якасцей народа, канчатковай згубы роднай мовы, маралi, культуры, пашырэння нацыянальнага i прававога нiгiлiзму, сацыяльнай дэпрэсii, гiстарычнага песiмiзму, абыякавасцi да жыцця. Гэта ў рэшце рэшт вядзе да бездухоўнасцi (алкагалiзацыi, наркаманii, суiцыдаў, злачынстваў, распаду сем'яў, росту армii сiрот, панаванню хамства, цынiзму, пошласцi) — адной з галоўных прычын збяднення i фiзiчнага вымiрання нашага народа.

Таму не трэба баяцца патрабавання школ на роднай мове. Там, дзе родная мова — галоўны стымул для ўсiх народаў, там духоўнае здароўе, спагадлiвасць, гаспадарлiвасць, гiстарычны аптымiзм, багацце, шчасце. Любоў да роднай мовы ёсць любоў да Бога, да тых, каго ён стварыў i каму ён даў Сваё Слова.

Трэба баяцца маўчаць. Трэба баяцца — баяцца! Перамога нацыяналiзму (патрыятызму) — гэта параза iмперскага шавiнiзму. Не трэба толькi блытаць рускi нацыяналiзм, накiраваны на захаванне сваёй аўтэнтычнасцi, самабытнасцi, з iмперскiм шавiнiзмам (“понаехали тут!”), якi змыкаецца з расiзмам. Скiнхеды i нацболы, забойствы на нацыянальнай глебе ў Расii будуць iснаваць да той пары, да якой рускi народ не будзе мець свайго рэальнага дзяржаўнага ўтварэння, да якой будзе iснаваць Расiйская iмперыя. Нiводная iмперыя за апошнiя дзве тысячы год не вырашыла нацыянальнага пытання! Такая ўжо антынацыянальная сутнасць усiх iмперый. I калi родная мова будзе маўчаць, iмперыя не пахiснецца i народы не здабудуць нi незалежнасцi, нi свабоды, нi дэмакратыi.

Паколькi галоўнай зброяй Крамля ў дачыненнi да Беларусi, як прызнаюцца самi расiяне, з'яўляецца не цана на газ, а руская мова, то i для Беларусi самай моцнай зброяй у дачыненнi да Крамля з'яўляецца не “Белтрансгаз”, не расiйскiя радыёлакацыйныя станцыi на тэрыторыi Беларусi, не беларускi транзiтны шлях, а беларуская мова. Беларусiзацыя ў сферы адукацыi, калi б яе нарэшце пачалi ўлады, прымусiлi б Крэмль iсцi на iстотныя саступкi, у тым лiку i па цане на газ, i па iншых пытаннях.

Патрабаванне беларусiзацыi з'явiлася б i самай моцнай, прычым адзiнай легальнай i апошняй зброяй для нашай апазiцыi. Хаця яна дагэтуль i не зразумела гэтага. Цi не таму, цягам ажно дванаццацi гадоў, церпiць паразу за паразай, наступаючы на адны i тыя ж граблi? На сучасным этапе выйграе той, хто зробiць родную мову сваiм апiрышчам у палiтычным спаборнiцтве (“у каго мова — у таго i ўлада”). Толькi родная мова можа скансалiдаваць i ўладу, i апазiцыю, i бальшыню народа перад далёка не ўяўнай перспектывай знiкнення беларускай нацыi пры паглынаннi Расiяй i не дапусцiць гэтага знiкнення.

Алесь РАШЧЫНСКI

З газэты “Народная Воля” за 21.12.2006