ЛУБЯНСКІЯ СПРАВЫ
30 сьнежня 2006 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” перадрукавала паведамленьне ФСБ РФ аб сьмерці “найстарэйшага шпіёна Расеі”. У Маскве памёр 104-гадовы Барыс Гудс. У 1934-36 гг. гэты “Робін Гудс” працаваў пад камандай знакамітага маскоўскага шпіёна Рыхарда Зоргэ ў Японіі. У 1937 г. яго выклікалі ў Маскву, абвясьцілі японскім шпіёнам і выслалі ў ГУЛАГ. Аднак, шпіён ацалеў, пражыў доўга. У апошні пэрыяд жыцьця пісаў кніжкі пра шпіёнаў і выступаў кансультантам у фільмах пра шпіёнаў.
Наш камэнтар: Лубянка ня стала хаваць унікальную зьвестку пра сьмерць у глыбокай старасьці свайго работніка. Прадэманстравала тым самым, што ня ўсе яны ў канторы “горят на работе в расцвете сіл”. Аднак, статыстыка сьведчыць зусім аб іншым. Гісторыкі зьбіліся з ліку, колькі разоў лубянскія кадры расстрэлам сваіх папярэднікаў ачышчалі сабе месцы ў структуры НКВД-КГБ. Ягоду і безльліч ягодаўцаў апэратыўна зьнішчылі імпэтныя яжоўцы. Потым Яжова зь яжоўцамі перадушыў Бэрыя. Спэцзачысткамі, як вядома, камандвалі таварыш Сталін разам з палітбюро. Але таварыша Сталіна атруціў Бэрыя. Аднак, Бэрыю з камарыльяй накрылі напалоханыя хрушчоўцы. У апошнія гады мы назіраем, як лубянская пошасьць апаноўвае Расею, гэбізм распаўсюджвае сваю забойчую дзейнасьць у сьвеце і таксама па-зьверску зьнішчае сваіх жа. Пра гэта ведаў А. Літвіненка. Калі ён атрымаў загад Крамля-Лубянкі на забойства ў Лёндане Беразоўскага, ён уцёк на Захад разам з сямьёй. Ён ведаў, як па загадзе Крамля былі расстраляны ў Маскве жонка і сын-падлетак (“на всякій случай”) героя Савецкага Саюза Р. Зоргэ, якога злавілі ў Токіа. Ён ведаў пра зьнішчэньне спэцгрупы ФСБ (рукамі самой ФСБ), якая забіла прэзыдэнта Чачэніі Масхадава, — товарішчам арганізавалі катастрофу двух верталётаў у гарах праз два дні пасьля ліквідацыі Масхадава. Так што няхай Лубянка не выхваляецца сваімі “аксакаламі”. Людзі ведаюць пра гангстэрскія законы, паводле якіх дзейнічае гэтая нячыстая сіла.
Юрка Марозаў