КРАМЛЁЎСКІЯ ПАВОДЗІНЫ
30 сьнежня 2006 г. Гішпанская газэта “АВС” паведамляла пра газавую вайну Расеі супраць Беларусі. Газэта цытуе Лукашэнку, які заявіў: “Мы не саступім шантажу Расеі”. Потым цытуе нам. начальніка расейскага “Газпрому” Мядзведзева, які заявіў у Маскве: “Гэта беларускія ўлады ўжываюць шантаж сваімі пагрозамі спыніць паступленьне газу ў Эўропу”.
Наш камэнтар: Гішпанскі журналіст чамусьці не задаўся пытаньнем: а чаму на тэму міждзяржаўнага канфлікту выказваўся толькі Лукашэнка, а Пуцін маўчыць? Чаму маскоўскія імпэрыялісты выпускаюць на сцэну дзеля пагрозьлівых антыбеларускіх заяваў газпрамаўскіх чыноўнікаў (драбязу ў дзяржаўнай герархіі) ды запіснога пагражальніка Жырыноўскага? Не, Пуцін не хаваецца ад публічнасьці. “Презідент очень занят”... Расейскія тэлеканалы паказваюць яго апошнімі днямі на розных гуманітарных ды сьвяточных мерапрыемствах. Вось Пуцін выступае на “форуме русскіх соотечественніков” у Маскве: “Наша задача — сохранить ведущее положение русского языка. На постсоветском пространстве для 280 миллионов человек наш язык является родным (ну, гэта ўжо лішняга наплёў). Русский язык — основа нашей державности и национального единства. Благодаря ему сохраняется русский мир...” Хаця такі выступ не назавеш “празднічно-отвлечённым”. Тут — праграма імпэрскай русіфікацыі народаў, жаданьне захаваць моўную ўдаўку на горле нярускіх народаў і такім чынам захаваць “русскій мір”, па сутнасьці захаваць і пашырыць рускі рэйх. І ў гэтым імкненьні Расея не цураецца лінгвістычнага шантажу, ваеннага шантажу, газавага шантажу. І штораз маскоўскі шантажыст крычыць-надрываецца, што “усё наадварот” — шантаж праводзіць якраз ахвяра маскоўскага шантажу. У Грузію ўламваюцца расейскія войскі, бамбуюць і абстрэльваюць вёскі і мястэчкі, забіваюць людзей, разьдзіраюць на часткі краіну, у Расеі адбываюцца аблавы на грузінаў. А тым часам крамлёўская дыпляматыя выступае на ўсіх міжнародных форумах, што гэта грузіны пагражаюць Расеі. Ва Украіне і краінах Балтыі ачышчаюць ад акупанцкай расейшчыны нацыянальныя тэлеканалы, а Масква абвінавачвае іх у фашызме. Цяпер вось імпэрцы пагражаюць задушыць беларускі народ сваім газам, а шантаж, аказваецца, “беларускі”. Потым тэлеканалы паказваюць, як Пуцін з міністрам вайны РФ Івановым “очень заняты” на дзіцячых навагодніх ранішніках. Яны раздаюць дзецям цукеркі, сьмяюцца разам з клоўнамі, удаюць “гуманных руководітелей”. Вось і падышоў бы да іх гішпанскі газэтчык ды спытаў: “Товарищи, а хорошо ли душить белорусских детей вашим газом? Ці добра вам сьпіцца пасьля пагрозаў замарозіць суседні народ пасярод зімы?”
Юрка Марозаў