ВЯРТАЮЧЫСЯ ДА ТЭМЫ
Яшчэ ўвосень на старонцы pbpf.org мы паведамлялі пра скандал вакол навучальнай праграмы для нібыта “удзельнікаў пратэстаў з плошчы Каліноўскага”, якую ладзіў у Польшчы Мілінкевіч разам са сваёй псэўдаапазыцыяй. Палякаў вельмі зьдзівілі гэтыя “юные барцы”, якія паводзілі сабе нахабна і распярэзана, размаўлялі па-расейску, не хацелі вучыцца. Шмат хто зь іх імкнулася папіць-пагуляць, а не вучыцца. Вядома, што сам Мілінкевіч у верасьні выязджаў у Варшаву, каб угаманіць сваіх “барцоў”. Вядома таксама, што сапраўдныя маладыя змагары з плошчы Каліноўскага абсалютную большасьць з гэтых “барцоў” на плошчы Каліноўскага блізка ня бачылі.
Пасьля публікацыі гэтых фактаў сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ пачалі тэлефанаваць “возмушчённые мінскіе журналісты”. “Журналісты” шумелі на нас: “Как вы смеете писать такое!? Где доказательства!?” Але на прыканцы сьнежня нават радыё Свабода вымушана была падаць голас і прызнацца, што ў Польшчы выбухнуў брудны скандал. Мілінкевіцкія “барцы” ушчалі сапраўдны бунт. Яны хацелі б знаходзіцца толькі ў Варшаве і не жадаюць ехаць на вучобу ў іншыя гарады. Яны публічна заяўляюць на хорошем русском языке, што не жадаюць вучыць польскую мову (“а зачем?”). “Барцы” дэманстрацыйна ня ходзяць на лекцыі. Некаторыя ўжо зьехалі назад у Менск, некаторыя заяўляюць, што ня вернуцца ў Польшчу пасьля вакацыяў. І ўсі разам лемантуюць, што ім мала даюць польскіх грошай. Цікава, што гэтыя паведамленьні “Свабода” падае разам з архіўнымі фатаздымкамі аб тым, як Мілінкевіч “от імені демсіл” падпісвае пагадненьні навучальнай праграмы разам з польскім міністрам асьветы. Беларускія патрыёты папярэджвалі тады польскіх дзеячаў, каб тыя ня зьвязваліся з Мілінкевічам, і з прарасейскай псэўдаапазыцыяй у РБ. Папярэджвалі, што ад супрацоўніцтва з гэтай публікай нічога добрага не атрымаецца. Так яно й сталася.
Янка Базыль