КНІЖНЫЯ НАВІНЫ
Газэта Наша Ніва правяла апытаньне сярод кнігарняў і вядомых людзей Беларусі пра найлепшыя беларускія кнігі, выдадзеныя ў 2006 годзе. Вызначылі дзясятку лепшых. На першым месцы збор твораў Юрыя Туронка, на другім кніга Рыгора Барадуліна Руны Перуновы. У сьпіс увайшлі кнігі Янкі Брыля, Максіма Багдановіча, Алеся Асташонка, Антона Луцкевіча, Сяргея Навумчыка і іншых.
Вельмі пахвальная культурніцкая ініцыятыва газэты. І раптам у спакойным апісаньні адзначаных кніг чытаем такое: “Сярод іх у сьпіс прарвалася дэталёвая рэляцыя дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту аўтарства аднаго зь лідэраў руху Сяргея Навумчыка”. Гэта пра кнігу (шостае месца) “Сем гадоў адраджэньня, альбо Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988 — 1995)”, якая адзначаная ў гэтым годзе прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтру і адлюстроўвае гісторыю здабыцьця незалежнасьці Беларускай нацыяй ў час кразісу і распаду СССР. Дзіўна чытаць пра “рэляцыю”, якая “прарвалася”, у беларускай газэце. Бо звычайна у такіх выпадках захоўваюць фармальную бесстароннасьць.
Адам Мікша