ЗАБОЙЦЫ МІТУСЯЦЦА
28 сьнежня 2006 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” (а таксама безьліч СМІ ва ўсім сьвеце) паведамляе пра спробу расейскіх уладаў прадставіць новую вэрсію забойства Літвіненкі. Расейскія СМІ раптам зашумелі, што сапраўдным заказчыкам забойства Літвіненкі зьяўляецца Леанід Неўзлін, адзін з былых кіраўнікоў расейскай нафтавай кампаніі “Юкос”. Пасьля арышту і прысуду да турэмнага зьняволеньня Хадаркоўскага, начальніка і паплечніка Неўзліна па “Юкосу”, Неўзлін апэратыўна ўцёк у Ізраіль. Масква адразу ж абвясьціла яго ў міжнародны вышук. Пасьля апошніх крымінальных абвінавачваньняў у забойстве Неўзлін сабраў у ЗША прэс-канфэрэнцыю і заявіў, што ўсё гэта зьяўляецца спробай Крамля перакласьці на яго адказнасьць за злачынства.
Наш камэнтар: Адначасова ў Лёндане сябры забітага Літвіненкі заявілі, што абвінавачваньні супраць Неўзліна фальшывыя і ёсьць “спробай Крамля затушаваць справу Літвіненкі”. Удава Літвіненкі зноў публічна абвінаваціла Пуціна і Крэмль у забойстве мужа.
Не ўпершыню пасьля правалу маштабнай злачыннай спэцапэпрацыі Крэмль-Лубянка ліхаманкава спрабуюць рознымі спосабамі (чым абсурдней, тым лепш) адмазацца ад адказнасьці і зваліць віну на іншых. Успомнім, як пасьля газавай атакі на тэатр на Дуброўцы ў Маскве ў 2002 г. (сотні ахвяраў) ФСБ у першых тэлепаведамленьнях паведамляла: “никто из заложников не пострадал, террористы были пьяны...” (на экране была паказана пляшка з-пад каньяку ў руцэ забітага чачэнца). Ужо праз гадзіну гэтая лухта была зьнята з паведамленьняў, накаціла чарговая хваля хлусьні. І так працягвалася даволі доўга.
Тое ж самае мы назіраем цяпер з лёнданскай атамнай справай. Днямі расейскія СМІ раптам паведамілі, што “у ЗША ў аэрапорце быў арыштаваны Леанід Неўзлін, які прыляцеў з Ізраіля, улады ЗША дамаўляюцца з Масквой аб выдачы яго ў Расею...” На наступны дзень да махровай хлусьні (ніхто Неўзліна ў амэрыканскім аэрапорце не затрымліваў і Расеі пра ягоны прыезд не паведамляў) Лубянка прыляпіла яшчэ больш махровую фальшыўку пра “сапраўднага забойцу Літвіненкі”. Успомнім пра першыя “возмушчённые голоса” з Лубянкі наконт атамнага забойства ў Лёндане: “Это он сам себя отравіл, чтобы навредіть авторітету Россіі і Путіна...” Пасьля ўсеагульнага сьмеху ў залі Лубянка прыдумала новы варыянт і пачала выстаўляць Літвіненку “торговцем атомнымі вешчествамі, который попытался продать полоній футбольным болельшчікам Луговому і Ковтуну; он так рекламіровал свой товар, что лізнул его...” Потым былі яшчэ і яшчэ адгаворкі. І з кожным разам лубянская кантора ўсё больш правальвалася ў балота, усё больш зразумелым станавілася пачварная сутнасьць і тупізм лубянскіх начальнікаў. Цяпер вось, аказваецца, Неўзлін вінаваты.
Хаця, пэўная дэмагагічная лёгіка ў лубянскай правакацыі ёсьць. Інтэлектуалы-дзяржынцы сюжэтна зьвязалі лёнданскае забойства з разгромам эканамічных канкурэнтаў Лубянкі ў энэргабізнэсе, падсыпалі антысэмітызму для рускай публікі (“вот оні какіе в Ізраіле — протівнікі Путіна...”). Але такое можа задаволіць толькі ачмурэлую частку расейскага охласа. Чаму ж так упарта мітусіцца гэбэ, зноў і зноў вяртаецца да тэмы лёнданскага забойства? Можа было б лепш прамаўчаць, адсядзецца, глядзіш у сьвеце і забыліся б пра інцыдэнт за новымі клопатамі. Але ўся справа ў тым, што ўражанае брытанскае (і ў цэлым заходняе) грамадзтва не забываецца пра лакальную атамную вайну ў цэнтры Лёндана.
У Менску апошнім часам на Каляды зьявіліся госьці з Брытанскіх выспаў. Яны распавядаюць беларусам пра магутны стрэс, які перанесла брытанскае грамадзтва, даведаўшыся праўду пра гэбоўскае злачынства на іхнай тэрыторыі ў цэнтры сталіцы. Такое не забываецца. Вядома, што мытнікі ў брытанскіх аэрапортах пагалоўна распранаюць і абмацваюць расейскіх пасажыраў, не зважаючы на іхныя крыкі: “Мы за мір, за дружбу, за улыбкі мілых...” Магчыма цяпер расейскім жулікам, кілерам і агентуры будзе значна цяжэй атабарыцца на туманным Альбіёне.
Юрка Марозаў