ПАХАВАЛІ АЗІЯЦКАГА ЛІДАРА
26 сьнежня 2006 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе з Туркмэністану. 21 сьнежня памёр ад сардэчнага прыпадка пажыцьцёвы прэзыдэнт краіны Сапармурад Ніязаў (Туркмэнбашы). Пасьля пахаваньня прэзыдэнта ў сталіцы краіны сабралася вялікая нарада нацыянальна-дзяржаўных элітаў Туркмэністану — Халк Маслахаты з 2500 сяброў. Яны абмяркоўваюць пытаньне аб наступным кіраўніку краіны і далейшым палітычным курсе.
Наш камэнтар: На працягу 21 года Ніязаў кіраваў сярэднеазіяцкай краінай. Ён — з гарбачоўскіх “выдзьвіжэнцаў”, з 1985 па 1991 г. быў першым сакратаром кампартыі рэспублікі. Пасьля краху камуністычнай імпэрыі ён стаў прэзыдэнтам Туркмэністана і павёў краіну па шляху незалежнасьці і нацыянальнага адраджэньня. На Захадзе і ў Маскве яго крытыкавалі за аўтарытарызм і культ асобы. Але беларусы заўважылі яшчэ вельмі важныя прыкметы разьвіцьця новай дзяржавы на постсавецкай прасторы. Ніязаў абвясьціў праграму адукацыі і стварэньня інтэлектуальнай эліты нацыі. Дзесяткі тысячаў юнакоў і дзяўчатаў былі пасланы дзяржавай навучацца ў замежныя ўнівэрсітэты. Нават у менскіх ВНУ існавалі на працягу некалькіх гадоў так званыя “туркмэнскія факультэты” для сотняў туркмэнскіх студэнтаў. Праўда, праз некалькі гадоў гэтыя факультэты, якія прыносілі прыбыткі нашай сістэме адукацыі, былі зачынены (безумоўна, паводле загаду Масквы, якая баіцца нацыянальных элітаў, трасецца ад страху перад адукаванай моладзю і салідарнасьцю постсавецкіх народаў). Туркмэнская мова заняла пануючае (натуральнае) месца ў краіне. Вялікія рэсурсы газу дазволілі Туркмэністану весьці самастойную палітыку. Маскоўская імпэрыя цалкам згубіла кантроль над патэнцыйна багатай краінай. І вось энэргічны і фізычна здаровы прэзыдэнт паўгады таму раптам пачаў хварэць, а днямі памёр.
У краіне разгортваецца барацьба за ўладу. Безумоўна, Крэмль-Лубянка прыкладуць усе намаганьні, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і прывесьці да ўлады сваіх прамаскоўскіх “істінных демократов”, ашгабадзкіх лукашэнак-мілінкевічаў. Зьбегам акалічнасьцяў маскоўскі наступ на Беларусь супаў па часе з “посьпехамі” атрутнай лубянскай палітыкі на азіяцкім напрамку. Масква падае знак Лукашэнку — здавай краіну, а інакш будзе, як з Туркмэнбашы.
Юрка Марозаў