ЭНЭРГЕТЫЧНАЯ БЯСЬПЕКА
“Вашынгтон Пост” адзначае, што канец гэтага году ў сэнсе паставак газу будзе вельмі падобны на апошнія дні мінулага году. Грузія і Азэрбайджан, якія вырашылі не падпарадкавацца Пуціну, імкнуцца знайсьці альтэрнатыўных пастаўшчыкоў газу да 1 студзеня, каб запабегчы рэзкаму падвышэньню кошту гэтага энэрганосьбіту. У аналягічнай сытуацыі апынулася і Беларусь, якая адмовілася перадаць Маскве ва ўласнасьць сваю газатранспартную сыстэму. Тым часам заходнія энэргетычныя кампаніі, якія інвэставалі грошы ў расейскія газавыя і нафтавыя радовішчы, змушаныя прадаваць “Газпраму” кантрольныя пакеты акцыяў кампаніяў, якія працуюць на гэтых радовішчах.
Амэрыканскі сэнатар Рычард Лугар прапанаваў Паўночнаатлянтычнаму альянсу прыняць канцэпцыю “энэргетычнай бясьпекі”, як адной з асноўных місіяў НАТО. На думку Лугара, НАТО мусіць рэагаваць на небясьпеку нападу з выкарыстаньнем паставак энэрганосьбітаў гэтак жа, як і на напад на тэрыторыю аднаго з чальцоў альянсу. Гэта азначае, што напад на аднаго з чальцоў выклікае адказ усіх краінаў, што ўваходзяць у НАТО. Лугар адзначыў, што гэтая прапанова не азначае ваенных дзеяньняў у адказ, але, тым ня менш, альянс мусіць падрыхтавацца да магчымых сумесных дзеяньняў.
Лугар нагадаў, што раней НАТО ладзіў манэўры, каб падрыхтавацца да магчымых праблемаў з пастаўкамі газу й нафты з боку СССР. Цяпер, на думку сэнатара, трэба падрыхтавацца да сумесных дзеяньняў на выпадак неабходнасьці дапамагчы аднаму з чальцоў альянсу, які сутыкнуўся зь геапалітычным шантажом.
Пагроза спыненьня паставак энэргарэсурсаў вымушае альянс вярнуцца да выкананьня сваёй гістарычнай місіі — абараняць дэмакратычную Эўропу ад нападаў з боку аўтакратычнай улады, што знаходзіцца па-за ўсходнімі межамі Эўразьвязу, — адзначае газэта. “Выкарыстаньне энэргіі ў якасьці зброі — гэта не тэарэтычная пагроза будучыні. Яна існуе ўжо цяпер”, — цытуе “Вашынгтон Пост” словы сэнатара Рычарда Лугара.
(Паводле радыё Свабода)