КАШМАРНЫЯ АРЫЕНЦІРЫ МІНУЎШЧЫНЫ

А тав. Патрушаў тым часам ловіць дацкіх шпіёнаў-падрыўнікоў. 19 сьнежня ён запрасіў у свой лубянскі палац некалькіх журналістаў і тэлегрупу з нагоды юбілею ВЧК-НКВД-КГБ-ФСБ. Сярод патрушаўскіх самаўсхваленьняў на тэму барацьбы з тэрарызмам асабліва кур'ёзна прагучала наступнае. Аказваецца, доблесныя чэкісты накрылі дацкіх шпіёнаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Чачэніі. Маюцца на ўвазе работнікі Дацкай Рады па ўцекачах, якія на працягу шэрагу гадоў забяспечвалі ахвяраў расейскай агрэсіі харчамі, намётамі, лекамі і іншым. Яны, што праўда, вярнуўшыся ў Эўропу, “паводзілі сабе неадэкватна”. Публічна распавядалі пра зьверствы расейскай ваеншыны, пра гераізм чачэнскіх партызанаў і дзяржаўнае злачынства Крамля. Крэмль спачатку нацкаваў на іх свайго вернага Кадырава-малодшага. Але датчане не напалохаліся пагрозаў сатрапа, працягнулі гуманітарную дзейнасьць. Цяпер вось імі заняўся лічно товарішч Патрушев.

І ўсё ж якая бессаромная гнюснасьць. Няма ў сьвеце дзяржавы, якая, абвясьціўшы новы курс, трымалася б за кашмарныя сымвалы і арыенціры мінуўшчыны. У Гішпаніі няма дзяржаўнага сьвята ў гонар інквізіцыі, спэцслужбы ФРГ адлічваюць сваё стварэньне не з дня заснаваньня Гітлерам гестапа і СД. А ў Расеі “под салютом всех вождей” і пад бюстам Дзяржынскага сьвяткуе свае чарговыя ўгодкі лубянская кантора, услаўляючы 20 сьнежня 1917 г. і Леніна, які падпісаў дэкрэт аб стварэньні ВЧК. І няма ў гэтым нічога дзіўнага. Курс расейскай імпэрыі — усё той жа: панявольваць і зьнішчаць. Працягваюць свой крывавы шабас недабітыя чырвоныя апрычнікі.

Юрка Марозаў