КІТАЙСКАЯ ЭКСПАНСІЯ Ў СІБІРЫ

20 сьнежня ва Уладзівастоку рысавалі іерогліфы і махалі папяровымі драконамі. Група кітайскіх таварышаў урачыста адкрыла ў сталіцы расейскага Прымор'я Цэнтар Канфуцыя. Старажытны філёсаф, вучэньне якога зьяўляецца асновай нацыянальнага кітайскага сьветапогляду і нават рэлігіяй, атабарыўся такім чынам на зямлі расейскіх асаднікаў. Вядома, што савецкія ўлады даўным-даўно забаранілі архэалягічныя раскопкі на вялікіх абшарах па суседству з тэрыторыяй цяперашняга Кітая.

Справа ў тым, што некалькіх рухаў рыдлёўкі дастаткова, каб з-пад зямлі сталі зьяўляцца помнікі кітайскай матэрыяльнай і мастацкай культуры (і так даволі далёка ўглыб сібірскіх прастораў). Пры Мао радыёперадачы на расейскай мове для сібіракоў пачыналіся так: “Приветствуем русских товарищей, живущих на территории Китая...” З часам “сказка стала былью”. Кітайцы займаюць вялікія абшары РФ паводле анэкдота брэжняўскіх часоў — малымі групамі па трыста тысячаў чалавек.

Расейскае насельніцтва актыўна сьпіваецца, дэмаралізуецца, вымірае, культывіруе суіцыд. Нават у Крамлі вымушаны ў адкрытую выказваць трывогу з нагоды выміраньня рускага насельніцтва Сібіры і Прымор'я (у цэлым яго засталося на агромністай тэрыторыі ў эквіваленце насельніцтва двух гарадоў памерам Масквы). Яны забыліся даўняе правіла чалавечага існаваньня: трэба жыць на сваёй зямлі і ня лезьці на чужую, шчасьця ўсяроўна ня будзе.

Вялікай удачай і асабістым паратункам сярод русскіх людзей лічыцца магчымасьць уладкавацца на працу да кітайскага гандляра або агародніка. Мільёны кітайцаў засялілі сібірскія і прыморскія гарады, мястэчкі і вёскі. Вось і Канфуцыям цяпер узброіліся. Настане час, і ім трэба будзе толькі зьмяніць шыльды на публічных будынках з кірыліцы на іерогліфы, вывесіць свой сьцяг замест маскоўскага трыкалёра. А расейцам застанецца альтэрнатыва: уцякаць за Урал або запісвацца ў кулі да вышэйшай расы. Такая лёгіка існаваньня кожнай імпэрыі.

Валеры Буйвал