ДАКЛАД ПРА ЗЛАЧЫНСТВЫ КАМУНІСТАЎ У РУМЫНІІ

19 сьнежня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра выступ прэзыдэнта Румыніі Траяна Басэску ў парляманце краіны. Басэску зачытаў даклад, падрыхтаваны групай эскпэртаў. Тэма дакладу — “Злачынствы камунізму ў Румыніі”. Упершыню з часу перамогі народнай рэвалюцыі 1989 г. прагучала сістэматызаванае абвінавачваньне антычалавечага рэжыму. Сярод іншага Басэску зачытаў: “Я сьцьвярджаю, што камуністычная сістэма ў Румыніі была злачыннай і незаконнай. Яна адкінула краіну ў разьвіцьці на 50 гадоў. Давяла гаспадарку за ўпадку. У вязьніцах і гулагах камуністы забілі сотні тысячаў людзей. Мільёны былі зьнішчаны рознымі формамі рэпрэсіяў і антычалавечых адносінаў. Камунізм спрабаваў паняволіць цэлы народ пад прэтэкстам спробы пабудовы ўтапічнага грамадзтва роўнасьці і свабоды”. Лічба забітых камуністычным рэжымам у Румыніі — да двух мільёнаў людзей. Выступ прэзыдэнта раз-пораз перапынялі выкрыкамі і галёканьнем дэпутаты левых партыяў. Адзін зь іх, дэпутат Тудар (вядомы як “прыдворны паэт Чаўшэску”) нават хадзіў перад трыбунай і выступоўцам з плякатам, на якім быў паказаны Басэску за кратамі. Але прэзыдэнт дачытаў да канца свой даклад.

Наш камэнтар: Даклад па злачынствах камуністаў быў прыўрочаны да 17-х угодкаў пачатку Народнай рэвалюцыі. Змучаны пачварнай прамаскоўскай дыктатурай народ урэшце ўзьняўся на салідарнае змаганьне 18 сьнежня 1989 г. Шматтысячныя дэманстрацыі рэжым Чаўшэску паспрабаваў спыніць агнём калашнікаў. Але ўпершыню за дзесяцігоддзі дыктатуры армія выступіла на баку народу. Жаўнеры і афіцэры вышлі са зброяй у руках і з бранетэхнікай на вуліцы гарадоў і сталіцы. Чаўшэскаўскую банду абаранялі толькі галаварэзы са спэцслужбаў Секурытатэ. Аказалася, што яны былі ўзброены лепш за рэгулярную румынскую армію (усе дыктатары баяцца армію і ўзмацняюць свае гэбэ і паліцэйскія сілы).

Разгарнуліся лютыя баі ў Бухарэсьце і іншых гарадах. Паўстанцы разам з арміяй баранілі пазыцыі на барыкадах. Праз некалькі дзён рэжым пачаў сыпацца. Чаўшэску схапілі на правінцыі і пасьля кароткага паседжаньня ваеннага трыбуналу расстралялі на двары мясцовага райкама кампартыі. Чаўшэскаўскія гэбэшнікі пачалі разьбягацца і хавацца. Людзі лавілі іх і бязьлітасна зьнішчалі, як шалёных сабак. Аказалася, што праз шэраг гадоў бальшавіцкая гідра зноў ажыла і нават куражыцца ў парляманце краіны.

Гэта добрая лекцыя для народаў, якія цяпер вядуць змаганьне за вызваленьне ад прамаскоўскіх прыгнятальнікаў. Не павінна быць, каб праз пэўны час пасьля правалу спробы маскоўскай акупацыі Беларусі ў парляманце вызваленай Айчыны сядзелі і пачуваліся камфортна ўдзельнікі і арганізатары нацыянальна-дзяржаўнай здрады. Тыя, хто прадстаўляе сёньня шклоўскі рэжым. А таксама прышпіленыя да іх псэўдаапазыцыянэры, што заклікаюць цяпер людзей ісьці на рэжымныя псэўдавыбары, дапамагаючы дыктатуры падмануць народ. Імі зоймуцца пракуратура і суд вызваленай Беларусі. Ня будзе ў парляманце трэсьці блюзьнерскімі плякатамі “прыдворны пясьняр шклоўскага рэжыму” бездарны Чаргінец. Зло ня будзе валадарыць у Беларусі.

Юрка Марозаў