ВЫПУСЬЦІЛІ ТЭРАРЫСТКУ

19 сьнежня 2006 г. Італьянская газэта “La Repubblica” паведамляе пра звальненьне з рымскай турмы 57-гадовай тэрарысткі Барбары Бальдзэрані. Яе звальняюць “умоўна” на выпрабавальны тэрмін у 5 гадоў (ёсьць такі кур'ёз у італьянскім заканадаўстве). У 1970-80-я гады Бальдзэрані была правай рукой камандзёра левай тэрарыстычнай арганізацыі “Чырвоныя брыгады”. Яна брала чынны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні шэрагу тэрактаў. У тым ліку ў выкраданьні і забойстве прэм'ера Італіі хрысьціянскага дэмакрата Альда Мора ў 1978 г. У 1982 г. яна перагарадзіла сваім аўтамабілем дарогу, а сябрукі расстралялі паліцэйскі патруль. Семьі ахвяраў чырвонага тэрарызму зьбянтэжаны выракам суда, які вызваліў забойцу (на здымку ў газэце яна сьмяецца).

Наш камэнтар: Даўно ўжо даказана, што “Чырвоныя брыгады” арганізавала, трэніравала і аплочвала КГБ СССР дзеля дэстабілізацыі заходняй палітсістэмы. Кроў ахвяраў тэрору на руках дзеячаў Крамля-Лубянкі (многія зь іх дагэтуль ва ўладзе). “Варя” (мабыць, так называлі яе лубянскія таварышы) і ейныя сябручкі былі фанатычнымі выканаўцамі маскоўскіх камандаў, ня больш. Дзіўна, што сёньня італьянская газэта ані слоўцам не згадала пра гэта (памяць адбіла?). Ня хочацца цяперашнім левым кіраўнікам Італіі (якія самы дзесяцігоддзямі карміліся з рук Крамля) успамінаць пра гэта. Успомніш, дык Лубянка загадае газ для Апэнінаў адключыць. Тэрарыстка Варя сьмяецца з газэтнай старонкі, сьмяюцца ў імпэрскай Маскве. Разгублена глядзіць на ўсё гэта заходняе грамадзтва (тыя, што здольныя штосьці разумець, вядома).

Валеры Буйвал