МАСКОЎСКІ КАРНАВАЛ

16 сьнежня ў Маскве махалі кулакамі. На Трыюмфальнай плошчы сабралася зборная салянка, якая ўдавала трыюмф антыпуцінскіх сілаў. Над стракатым дзьвюхтысячным натоўпам дамінавалі фашыстоўска-бальшавіцкія сьцягі лімонаўцаў. Многія маладзёны мелі чорныя павязкі, якія засьціналі твары “барцоў”. Акцыя называлася “Марш несогласных”. Стыль і назва нагадалі беларусам “марші свободы” і “марші за лучшую жізнь” з авангардам у чорных масках, што ў 1999-2001 гг. ладзіла ў Менску мясцовая прамаскоўская псэўдаапазыцыя.

У выглядзе палітбюро мітынга стаялі побач товарішчі Касьянаў, Лімонаў і інтэлектуал-шахматыст Каспараў. Усе яны былі “супраць палітыкі Пуціна”, заяўлялі грамадзтву сваю пазыцыю перад парляманцкімі выбарамі (што адбудуцца ў сакавіку 2007 г.). Касьянаў казаў у мікрафон пра “антынародную ўладу, якая крадзе, абкрадае дзяржаву і працоўных”. Мабыць людзі ўжо крыху забыліся пра гэтую каліброваную крамлёўскую постаць. Міхаіла Касьянава (прэм'ер-міністра РФ у 2000-2002 гг.) эліты і насельніцтва адзінадушна называлі “Міша Два Процента”, бо ён браў асабіста сябе па 2% з кожнай (кожнай!) фінансавай і вытворчай трансакцыі па ўсёй РФ. Потым Мішу пагнаў з Крамля Пуцін і маскоўскі адпаведнік Лебедько-Краўчанкі перарабіўся на антыпуцінца.

Яшчэ летась Касьянаў раптам усплыў на паверхню, пачаў гуртаваць “правыя сілы”, “пал жертвой” абвінавачваньняў у прыватызацыі дачы... Адным словам, пачалася раскрутка героя-апазыцыянэра, знаёмая нам па шклоўскіх раскрутках Чыгіра, Ганчарыка, генэрала Фралова і іншых прамаскоўскіх пустышак. Без акуляраў бачна, што Мішу раскручвае сама пуцінская кантора, зацікаўленая ў існаваньні нягеглай псэўдаапазыцыі ў сваёй Расеі. Ня можа заваяваць даверу насельніцтва “апазыцыя”, што складаецца з фашыстаў-лімонаўцаў, шахматыстаў-рамантыкаў і ўзначальваецца вядомым адстаўным крамлёўскім супэржулікам.

І ў гэтым Крэмль карыстаецца напрацоўкамі менскага досьведу, дзе скалочана стракатая псэўдаапазыцыя з камуністаў-калякінцаў, лібэралаў-лебядзькоўцаў ды падстаўных вінцучкоў начале з пустым і часам пацешным Мілінкевічам. Дзеяньні мітынгоўцаў насілі падкрэсьлена скандальны характар. Лімонаўцы пазалазілі на дахі дамоў і махалі сваімі крывавымі сьцягамі, іх здымалі адтуль “амоны”. У міліцэйскія аўтобусы затрыманыя заходізілі самы, з усьмешачкамі і “чувством ісполненного долга”. Увесь карнавал-балаган вельмі ж быў падобны на “русскоязычный” моб-шмоб, арганізаваны Лебедько і яго “ребятамі” ў цэнтры Менску 10 сьнежня. Мэтады ў падстаўных аднолькавыя.

А вось у клясічных “правых сіл Россіі” усё было значна сур'ёзьней. У той жа дзень яны сабраліся на свой зьезд у Маскве і з трыбуны інтэлігентна і без выбрыкаў даводзілі пра сваю будучую перамогу над Пуціным на выбарах. Аднак, цікава, што ў гэтым зьезьдзе адмовіліся ўдзельнічаць клясікі маскоўскай правізны Яўлінскі, Нямцоў, Хакамада і іжэ зь імі. Клясікі выканалі сваю ролю, дапамаглі крышталізацыі гэбізму ў Расеі. Пуціністы выцерлі аб іх ногі і выкінулі з палітычнага жыцьця. З кім жа цяпер будуць дэманстрацыйна хаўрусьнічаць лебедько-вінцучкі? Мяркуем: з кім ім Крэмль-Лубянка скажа хаўрусьнічаць, з тым яны й будуць ладзіць “демократію без Лукашенко”.

Янка Базыль