СКОТЛАНД-ЯРД ДАСЬЛЕДУЕ ЗЛАЧЫНСТВА ФСБ

16 сьнежня 2006 г. Гішпанская газэта “El Pais” піша пра апошні допыт, праведзены афіцэрамі Скотланд-Ярда ў Маскве. У прысутнасьці лубянскіх “перакладчыкаў” брытанцы “побеседовалі” з тов. Соколенко, маскоўскім бізнэсмэнам і футбольным заўзятарам. Гэты Соколенко прыляцеў быў на прыканцы кастрычніка сёлета разам з Лугавым і Коўтунам (таксама “бізнэсмэнамі і заўзятарамі”, паводле расейскіх СМІ і ўладаў) у Лёндан на матч ЦСКА — “Арсэнал”. Соколенко прызнаў, што зайшоў у гатэль разам з дочкамі Лугавога, сустрэў у холе Літвіненку і павітаўся зь ім, “проста зь ветлівасьці, ня ведаючы гэтага чалавека”. Аднак, супрацоўнікі Скотланд-Ярда паведамілі, што Соколенко на самай справе “ветлівы чэкіст”, бо скончыў тую ж самую школу КГБ, што і Лугавы з Коўтунам.

Наш камэнтар: Адкрываюцца новыя дэталі жудаснай гэбоўскай апэрацыі па ліквідацыі “врага отчізны”. З групай футбольных заўзятараў у Лёндан прыбыла цэлая зондэр-каманда лубянскіх забойцаў. Пакуль невядомая іхная дакладная колькасьць, але адкрываюцца ўсё новыя прозьвішчы. Канторы прыйдзецца, відаць, ліквідаваць Соколенку і яшчэ шэраг спаленых агентаў, бо апошнія гады брытанская паліцыя праводзіць відэа-здымкі ўсіх прысутных на трыбунах буйных футбольных стадыёнаў (каб запабегчы футбольнаму бандытызму). Так што ўсю зондэр-групу ўжо зафіксавалі. Нават гітлерскія спэцслужбы, нават сталінскае НКВД не карысталіся дзецьмі ў якасьці прыкрыцьця пры правядзеньні сваіх спэцапэрацыяў.

Цяпер вядома, што Коўтун захоўваў сьмяротны палёній 210 не на сваёй апэратыўнай кватэры ў Гамбургу, а на кватэры, дзе жыве ягоная сямья ў тым жа Гамбургу. А “ветлівы чэкіст” Соколенко зьявіўся на апэрацыю з атамнымі рэчывамі ў кампаніі з дзецьмі другога чэкіста Лугавога (каб стварыць антураж “сьвецкага жыцьця” пры выкананьні загаду). Адкрытым застаецца толькі адно пытаньне: ці аддасьць тов. Пуцін загад на ліквідацыю непажаданых сьведкаў — малагадовых дзяцей? Пасьля бесланскага забойства дзяцей гэта не зьяўляецца маральнай праблемай для Крамля-Лубянкі.

Юрка Марозаў