“ДАЎНО ЎЖО МЫ НЕ ЧЫТАЛІ Ў ЗАХОДНІМ ДРУКУ...”

16 сьнежня 2006 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” публікуе вялікі артыкул журналіста Міхаэля Вінярскага пра лубянскія справы. Журналіст прыгадвае забойствы Паліткоўскай і Лугавога, разважае пра пранікненьне ФСБ ва ўсе структуры ўлады ў Расеі. Цытуе Пуціна. Так на ўрачыстым сходзе гэбістаў у сьнежні 2000 г. з нагоды ўгодкаў заснаваньня ВЧК-НКВД-КГБ Пуцін (які нядаўна толькі зрабіўся прэзыдэнтам Расеі) радасна заявіў калегам: “Я могу доложить, что инструкции по овладению властью выполнены”.

Сутнасьць падзеяў ў РФ швэдскі журналіст таксама тлумачыць цытатай з Пуціна: “Нет такого явления, как бывший чекист”. Вінярскі сустрэўся ў Маскве і распытаў расейскага журналіста Андрэя Салдатава, які займаецца тэмай гэбэ. Салдатаў распавёў, што ў цяперашняй Расеі афіцэры ФСБ занялі камандныя і ключавыя пасады ў такіх вялікіх бізнэсах, як “Газпром”, “Аэрофлот”, “Роснефть”, а таксама ў прыватным бізнэсе. ФСБ апанавала камэрцыйныя структуры, якія Лубянка разглядае як свае “падпарадкаваныя” структуры. Тое ж самае назіраецца на ўсіх узроўнях дзяржаўна-адміністрацыйнай улады ў РФ. Начальнік ФСБ Патрушаў пару гадоў таму заявіў нават: “Афіцэры ФСБ зьяўляюцца новай элітай Расеі, яе новай арыстакратыяй” (!!!). Датычна забойства Літвіненкі газэта прыгадвае, што ў ліпені 2006 г. Дзярждума прыняла закон, паводле якога прэзыдэнт РФ мае права пасылаць за мяжу любыя фармаваньні “дзеля ліквідацыі тэрарыстаў і іхных базаў”. Так што Пуцін дзейнічаў “легальна” пад гэтую фармулёўку. Але маскоўскія сумоўцы швэдскага журналіста пакпілі з патрушаўскіх “арыстакратаў”, назваўшы іх “старэйшымі лейтэнантамі сярэдніх здольнасьцяў”. Нагадалі, што й сам Пуцін з гэтых “старэйшых лейтэнантаў”. Расказалі, што нават вэтэраны КГБ, адсунутыя “творческой молодёжью” ад справаў, вельмі незадаволены правальнай дзейнасьцю новага пакаленьня. У Маскве Вінярскаму расказалі таксама, што з чачэнскай вайны вяртаецца безьліч чэкістаў, якія не знаходзяць сабе месца ў звычайным жыцьці — “паўсюль поўна гэтых псіхічна пашкоджаных...” Газэта завяршае жудасны агляд гэбізму і ягоных “арыстакратаў”: “Йдзецца аб складанай структуры з шэрагам супярэчлівых фінансавых і палітычных інтарэсаў. Яны паўсюль на ўсіх узроўнях у адміністрацыі і ва ўсіх структурах. Гэта — не параноя, а канстатацыя фактаў”.

Наш камэнтар: Даўно ўжо мы не чыталі ў заходняй прэсе такіх глыбокіх матэр'ялаў аб “матушке-Русі”. Мяркуем, што ў швэдскай газэце працуе паляк Міхал Вінярскі, які здольны на адэкватныя ацэнкі. Але заходнікі павінны зразумець таксама, што раптоўнае адкрыцьцё ўсёй жахлівасьці дзяржаўнага расейскага гэбізму-фашызму не павінна наганяць страх і паніку на мільёны людзей. Практыка паказала, што пуцінска-патрушаўская “эліта” здольная толькі на правалы ў сваёй нават спэцыфічнай дзейнасьці (справа Літвіненкі таму доказ). Ня кажам ужо пра кіруемую гэбістамі эканоміку і палітыку Расеі. Пад іхным кіраўніцтвам хутчэй разваліцца і згіне імпэрскі маскоўскі монстр. Толькі трэба супрацьстаяць яму салідарнымі сіламі народаў і не пускаць яго на сваю тэрыторыю.

Юрка Марозаў